Чалы: Расіі давядзецца прызнаць, што Мытны саюз не існуе

Зварот Беларусі ў Эканамічны суд СНД паставіць Расію ў пройгрышнае становішча. Магчыма нават, што ёй давядзецца прызнаць нежыццяздольнасць Мытнага саюза. Такое меркаванне ў каментары Еўрарадыё выказаў вядомы эканаміст Сяргей Чалы. Нагадаем, што Беларусь аспрэчвае вывазныя мыты, якія Расія бярэ за нафту і нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь.

На думку Чалага, афіцыйны Мінск вырашыў звяртацца ў суд, бо ў юрыдычных абгрунтаваннях не сумняецца. І Расіі давядзецца даваць публічны адказ на прэтэнзіі.

Чалы: Адказваць тут можна толькі двума спосабамі, бо варыянтаў усяго два. Альбо прызнацца, што падпісанае пагадненне — гэта не Мытны саюз. Альбо прызнаць, што нафтавыя пагадненні супярэчаць падпісанаму Мытнаму саюзу.

Эканаміст адзначае, што нафтавыя пагадненні і дамова пра Мытны саюз альбо супярэчаць адно аднаму, альбо Мытны саюз фактычна не існуе, бо не рэгулюе рух значнай часткі тавараў. І ў такім разе, лічыць Чалы, Расіі давядзецца прызнаць, што так званы Мытны саюз гэта проста пратэкцыянісцкае ўтварэнне па абароне ад імпарту.