Чаргінец: Савет зоймецца і выхаваннем дзяцей, і маральнасцю дарослых

Сёння ў Мінску ў Доме літаратараў праходзіць першы сход Грамадскага савета па маральнасці. У поле яго зроку трапяць усе аспекты: ад выхавання дзяцей, да маральнасці дарослых.  Савет будзе абмяркоўваць тэлепраграмы, фільмы, матэрыялы ў інтэрнэце. Па словах старшыні праўладнага Саюза пісьменнікаў Мікалая Чаргінца, рашэнні грамадскага савета будуць мець толькі рэкамендацыйны характар:

“Вядома, толькі рэкамендацыі; у выглядзе, можа быць, звароту ў нейкі дзяржаўны ці грамадскі орган, запрашэння сумесна разгледзець пытанне, рэкамендацыі нашым сродкам масавай інфармацыі... Ніякіх забаронных дзеянняў мы ўжываць не будзем”.


У склад савета, па словах Мікалая Чаргінца, увайшлі прадстаўнікі ўсіх рэлігійных канфесій, зарэгістраваных у Беларусі, актрыса Марыя Захарэвіч, спартсмен Аляксандр Мядзведзь, кампазітар Ігар Лучанок, а таксама акадэмікі, педагогі, псіхолагі.