Часнойць: Атыповай пнеўманіі ў Беларусі не зарэгістравана

На сённяшні дзень ні аднаго выпадку атыповай пнеўманіі ў Беларусі не зарэгістравана. Такую заяву зрабіў першы намеснік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць. Ён падкрэсліў, што "не так прынцыпова, колькі хворых на свіны грып цяпер у Беларусі, — галоўнае, што ўзровень аказання медыцынскай дапамогі адпавядае ўсім рэкамендаваным стандартам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя для лячэння гэтых пацыентаў".

Часнойць сцвярджае, перадае БелаПАН, што аптэкі "ў дастатковай колькасці" маюць супрацьвірусныя сродкі, у тым ліку больш за 107 тысяч упаковак прэпарата "Таміфлю". "Гэтыя лекі досыць таксічныя ў некаторых выпадках і прадаецца толькі па рэцэптах лекараў", — падкрэсліў чыноўнік.

Па ягоных словах, людзі пачынаюць несці назад у аптэкі набытыя ў перыяд ажыятажнага попыту "Арпетол", "Рэмантадын" і ахоўныя маскі.

Часнойць не выключае, што на другую палову снежня прыйдзецца рост захворвання на вірусныя інфекцыі. Разам з тым ён падкрэсліў, што "сёння прагназаваць, колькі заўтра захварэе, проста немагчыма".