Чатырох “вязняў Балотнай” асудзілі да тэрмінаў ад умоўнага да 3,5 гадоў
Маскоўскі суд прызнаў усіх вінаватымі ў беспарадках і прымяненні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў паліцыі.
Чацвёра фігурантаў справы аб беспарадках на Балотнай плошчы ў Маскве 6 траўня 2012 года атрымалі тэрміны ад умоўнага да 3,5 гадоў турмы. Адпаведнае рашэнне вынес 18 жніўня Замаскварэцкі суд расійскай сталіцы, перадае тэлеканал “Дождж”.
Аляксей Гаскараў і Аляксандр Марголін атрымалі па тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі, Ілля Гушчын — два гады і шэсць месяцаў. Яны будуць адбываць пакаранне ў калоніі агульнага рэжыму. Алену Кохтараву асудзілі да трох гадоў і трох месяцаў ўмоўна. Усе чацвёра фігурантаў прызнаныя вінаватымі ў беспарадках і прымяненні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў паліцыі.
Абарона прасіла спыніць справу, апраўдаць падсудных або прызначыць ім усім умоўнае пакаранне. На думку адвакатаў, тое, што адбылося на Балотнай плошчы 6 траўня 2012 года з юрыдычнага пункту гледжання не з'яўляецца масавымі беспарадкамі. Абарона паказвала, што цісканіну і сутыкненні справакавала паліцыя, а ўдзельнікі абараняліся.
Раней Замаскварэцкі суд Масквы прызначыў ад трох гадоў і трох месяцаў ўмоўна да чатырох гадоў калоніі васьмі фігурантам справы. Яны былі прызнаныя вінаватымі ва ўжыванні гвалту ў адносінах да паліцэйскіх. Некалькі фігурантаў, якіх прызналі вінаватымі толькі ў масавых беспарадках, былі амніставаныя. Сяргей Удальцоў і Леанід Развазжаеў як арганізатары беспарадкаў атрымалі па чатыры з паловай гады калоніі.