Чэхія гатовая паставіць абсталяванне для інфраструктуры беларускай АЭС

Чэхія гатовая ўдзельнічаць у пастаўках абсталявання для развіцця інфраструктуры беларускай АЭС. Пра гэта заявіў 2 снежня ў Мінску намеснік міністра прамысловасці і гандлю Чэхіі Мілан Гаворка. Па словах Гаворкі, 2 снежня адбылася яго сустрэча з кіраўніцтвам Міністэрства энергетыкі Беларусі. Чэшскі бок хоча паўдзельнічаць у будаўніцтве беларускай АЭС. "Мы ведаем, што асноўнае абсталяванне "пад ключ" будзе пастаўляцца з Расіі. Але ёсць вялікія магчымасці ў развіцці інфраструктуры, будаўніцтве ліній перадачы. Мы спадзяемся, што зможам прыняць удзел у якасці пастаўшчыкоў абсталявання", — перадае БелаПАН словы Гаворкі.

Ён адзначыў, што Чэхія актыўна ўдзельнічае ў будаўніцтве новых электрастанцый у Беларусі.

2 снежня прайшлі таксама перамовы ў Міністэрстве прамысловасці. Па словах Гаворкі, чэшскія кампаніі пастаўляюць абсталяванне на прамысловыя прадпрыемствы Беларусі, у прыватнасці на МАЗ, "Белкамунмаш", МТЗ, "Нафтан".