Чуткі пра праблемы з шампанскім у Беларусі не пацвердзіліся

На Мінскім заводзе пеністых вінаў сцвярджаюць, што дзеля таго, каб забяспечыць “шыпучкай” беларускія крамы, нават скарацілі экспарт за мяжу. У прэсе нечакана паднялася паніка наконт недахопу шампанскага ў беларускіх крамах. Маўляюць, адбываецца гэта з-за таго, што неўраджай яблыкаў у Беларусі. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, ці насамрэч беларусаў чакае перадновагодні дэфіцыт шампанскага. Ды і няўжо яго вырабляюць з яблыкаў?

Намеснік генеральнага дырэктара Мінскага завода пеністых вінаў Аляксандр Фурсаў быў здзіўлены нават самой згадкай пра яблыкі ў дачыненні да шампанскага. Па словах Аляксандра Сяргеевіча, беларускае шампанскае робіцца выключна з замежнай віннай сыравіны:

“Яблыкі ў шампанскім – гэта проста нонсэнс! Ніякіх праблемаў з шампанскім у нас няма: мы поўнасцю забяспечваем унутраны рынак. З гэтай нагоды мы нават крыху адмовіліся ад паставак на экспарт. Шампанскае на нашым заводзе робіцца з вінаматэрыялаў са Славакіі, Гішпаніі, Італіі”.


Бліжэй да Новага года памеры вытворчасці “шыпучкі” заўсёды павялічваюцца. На Мінскім заводзе пеністых вінаў упэўненыя, што шампанскае заўсёды будзе ў крамах:

“Мы зараз павялічым памеры вытворчасці, і да чацвёртага квартала, як і запланавана, мы забяспечым усе прадпрыемствы гандлю шампанскім. Таму ніводзін святочны стол беларусаў не застанецца без бутэлькі шампанскага”.

Як сцвярджае Аляксандр Фурсаў, нават кошты на шампанскае застануцца тымі ж:

“Яны будуць такія ж, калі і будуць нейкія змены ў коштах, то амаль незаўважныя”.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ
Вытворчасць шампанскага можна падзяліць на тры этапы. Спачатку – выраб вінаматэрыялаў: збіраюць вінаград, выціскаюць яго. Пасля чаго вінаградны сок бродзіць разам з цукрам. Пасля непасрэдна на заводзе-вытворцы шампанскага купаж паўторна бродзіць ужо ў розных умовах, якія залежаць ад гатунку шампанскага. Апошні этап – ахаладжэнне і бутэлізацыя.