Чыноўнікі Міністэрства гандлю выганяюць піва з кіёскаў

Праект адпаведнай пастановы ўжо распрацаваны Мінгадлю і накіраваны на зацверджанне ва ўрад. Еўрапейскае радыё даведалася ў чыноўнікаў, чым гэта пагражае беларускім вытворцам піва.
Дырэктар “Аліварыі” Мікалай Дудко кажа, што падлічыць сёння страты ад такога “новаўвядзення” даволі складана. Праз кіёскі рэалізуецца да 35 адсоткаў прадукцыі піўнога рынку. Калі адсоткаў 15-20 перанакіруюцца ў крамы, то астатнія будуць страчаныя.

Мікалай Дудко:
“Калі ў першае паўгоддзе мы мелі 15 адсоткаў прыросту вытворчасці да мінулага года, то пасля прыняцця такога закона мы атрымаем 0 - 5 адсоткаў прыросту”.

Дырэктар кажа, што гэта выльецца для “Аліварыі” шматмільённымі стратамі. І ўсё з-за таго, што, нібыта, гандляры ў кіёсках праз свае невялічкія акенцы дрэнна бачаць пакупніка і могуць прадаць піва непаўналетнім. Толькі ў Мікалай Дудко ведае, як абыйсціся без забароны гандлю півам.

Мікалай Дудко:
“Піва ў розных кіёсках складае ад 40 да 60 адсоткаў абароту. Гэта азначае, што кіёскі закрыюцца. Павялічэнне акенца, нейкія больш жорсткія сакцыі за продаж піва непаўналетнім, будуць мець лепшы эфект, чым поўная забарона продажу”.

Па словах дырэктара “Аліварыі”, вытворцы беларускага піва абмяркоўвалі праект пастановы і выказалі свае прэтэнзіі кіраўніцтву Белдзяржхарчпрама. Там півавараў падтрымалі. Галоўны тэхнолаг Яўген Мар’юшыч не зразумее, чаму Мінгандлю вырашыла пайсці на такія радыкальныя меры. Таму што страты напаткаюць і іх.

Яўген Мар’юшыч: “Не ведаю, навошта гэта Мінгадлю, бо яны таксама грошы з гэтага маюць -- за рэалізацыю, гандлёвая надбаўка”…

Цікава, што ў адпаведнасці з “Праграмай развіцця півавараннай галіны”, сёлета піўзаводы павінны былі вырабіць 45 мільёнаў дэкалітраў піва. А да 2010 года выйсці на ўзровень 60 мільёнаў дэкалітраў у год. Галоўны тэхнолаг кажа, што гэта праграма стане фантастыкай.

Яўген Мар’юшыч: “Калі прымуць, тады “Праграма развіцця” будзе на тысячу адсоткаў невыканальнай”.

Песімістычны настрой дырэктара “Аліварыі” і спецыялістаў Белдзяржхарчпрама не падзяляе дырэктар “Лідскага піва” Уладзімір Юфа. Фінансавыя страты яго не палохаюць.

Уладзімір Юфа: “Мне гэта нічым не пагражае, бо маім півам у кіёсках не гандлююць. Я сумняюся, што поўмерамі можна штосьці зрабіць, але тое, што ў кіёсках піва прадаюць кожнаму, гэта зразумела”.

Атрымаць каментар ад Мінгадлю ў Еўрарадыё не атрымалася – кіраўніцтва пастаянна было занята на нейкіх нарадах. А начальнік упраўлення арганізацыі спажывецкага рынку харчовымі таварамі Міністэрства Любоў Язэпчык заявіла, што ўпершыню пра гэта чуе.

Фота — photo.bymedia.net