Чыноўнікі — за правы чалавека і супраць — "сталінскіх прынцыпаў"

Падставай для дыскусіі аб правах чалавека і свабодзе слова стаў "чорны спіс" Еўрасаюза, складзены пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, куды трапілі і некаторыя журналісты дзяржСМІ.

Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына з гэтай нагоды заявіла: "Журналісты падвяргаюцца самому сапраўднаму астракізму, што наогул недапушчальна". Як юрыст яна ўпэўненая, што "ніякія санкцыі па палітычных матывах у рэгламенце ЕС не прадугледжаныя". Абурае Ярмошыну і ўключэнне ў спіс дзяцей Лукашэнкі. "Дзеці за бацьку — гэта сталінскі прынцып ...", — цытуе кіраўніка Цэнтрвыбаркама БЕЛТА.

У абарону правоў чалавека выказалася і першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Яна адзначыла: "Ніхто не адмяняў артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе сказана зусім выразна, што кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх палітычных перакананняў, права на свабоднае выказванне меркавання".

Дарэчы, аб гэтым жа і ішла гаворка сёння ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, дзе разглядаўся пазоў закрытага "Аўтарадыё" да ведамства спадарыні Ананіч.