Ці паспеюць правайдэры зарэгістраваць 2 мільёны e-mail'аў і 50 тысяч сайтаў?

З 1 ліпеня беларускім камерцыйным структурам забароняць мець свае сайты на замежных серверах, а пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг не змогуць прадаваць хостынг за мяжой. Гэта вынікае з Указу прэзідэнта №60, які дапоўнілі некалькі пастаноў Саўміна.

Цяпер усе правайдэры мусяць перанесці сваіх карыстальнікаў ў беларускія дата-цэнтры і зарэгістраваць іх у Дзяржаўнай інспекцыі электрасувязі (БелДІЭ), а таксама зарэгістраваць усе скрыні электроннай пошты, размешчаныя на беларускіх серверах. Зрабіць гэта да канца чэрвеня немагчыма, лічыць кіраўнік hoster.by Сяргей Павалішаў.

Сяргей Павалішаў: "На мінулым тыдні казалі, што не зарэгістравана ніводнага сайта. На працягу чэрвеня каля 30 тысяч сайтаў будзе пададзена на рэгістрацыю і таксама ўсе электронныя скрыні. Напрыклад, "Актыўныя тэхналогіі" заявілі, што ў іх каля двух мільёнаў скрыняў. Калі БелДІЭ будзе хаця б праглядаць гэтыя заявы, то відавочна, што месяца дакладна не хопіць".

У самім БелДІЭ адмаўляюцца казаць, колькі ўжо сайтаў зарэгістравана, і сцвярджаюць, што гэтыя звесткі… сакрэтныя.

"Мы не даём ніякіх каментароў. Кіраўніцтва сказала нам, што звесткі гэтыя сакрэтныя, мы іх перадаём у Аператыўна-аналітычны цэнтр. Таму як яны будуць імі распараджацца — трэба звяртацца да іх".

Дарэчы, новы ўказ закранае не толькі юрыдычных асобаў. Калі вы купілі замежны хостынг для свайго блога ў беларускага правайдэра, яго давядзецца перанесці ў Беларусь і зарэгістраваць. Інакш прыйдзецца закрываць блог або сыходзіць да замежнага правайдэра, распавёў Еўрарадыё ініцыятар збору подпісаў за адмену ўказу Андрэй Падлубны.

Андрэй Падлубны: “Рэгістрацыя сайтаў на беларускіх серверах робіць нявыгадным размяшчэнне фізічных асоб. Гэта прывядзе да адтоку іх на замежныя серверы. Гэтыя сайты стануць далей ад беларускай аўдыторыі. Валюта пойдзе за мяжу. Нават проста аплата хостынгу. А гэтыя паслугі маглі б аказваць нашы правайдэры, калі б не было новых правілаў. Напрыклад, на 10 тысяч беларускіх сайтаў, у сярэднім, аплата 5 долараў. Значыць, 50 тысяч долараў у месяц пойдзе за мяжу”.

Узнікае яшчэ шэраг праблем. Адкуль узяць столькі чалавечых рэсурсаў, каб правесці рэгістрацыю? І дзе размяшчаць дадатковыя серверы? Па словах экспертаў, дата-цэнтр "Белтэлекама", адзіны нармальны ў Беларусі, перапоўнены. Куды будуць ставіцца серверы, невядома. І, зразумела, месцы ў беларускіх дата-цэнтрах каштуюць нашмат даражэй, чым у замежных.

Таксама гэта нагрузка на вылічальную тэхніку і на людзей, якія будуць збіраць базу. На думку Андрэя Падлубнага, гэта шматмільённыя затраты. А якая выгада дзяржаве — незразумела. Што ж датычыцца бясплатных хостынгаў, то, хутчэй за ўсё, яны знікнуць, кажа Андрэй.

Андрэй Падлубны: "Маладыя цікавыя праекты не атрымаюць падтрымку такіх хостынгаў у Беларусі. А менавіта з хобі-праектаў, якія ад пачатку бясплатныя, атрымоўваюцца сусветна вядомыя стартапы. "Гугл" рабіўся ад пачатку аспірантамі. "Друпал", на якім зроблены сайт БелДІЭ, рабіўся студэнтам як сайт факультэта. Таксама з'явіўся "Твітэр" і "Фэйсбук". А падтрымкі беларускіх бясплатных хостынгаў больш не будзе".

Моцна ўдарае ўказ і па развіцці малога бізнесу ў інтэрнэце. Цяпер, каб прадаваць нешта праз сеціва, давядзецца плаціць падаткі ад 200 тысяч да 1 мільёна 200 тысяч.

Андрэй Падлубны: "Я калі стартаваў, у мяне на руках было 600 еўра. Цяпер я б проста не змог пачаць сваю інтэрнэт-дзейнасць, калі б заплаціў гэтыя падаткі. Мы забіваем гэтую крытычную масу, з якой могуць выйсці добрыя праекты. Цяпер у інтэрнэт укладаць нявыгадна".

На думку эксперта, такім чынам інтэрнэт спрабуюць зрабіць празрыстым для сілавых структур, як гэта рабілася ў многіх краінах. Але ў нашай краіне гэтыя абавязкі дзяржава перакладае на хостэраў і правайдэраў.

Да чаго ж гэта можа прывесці?

Мільёны долараў давядзецца патраціць на збор інфармацыі, стварэнне базы і рэгістрацыю.

Прайсці дзяржаўную рэгістрацыю давядзецца двум мільёнам паштовых скрыняў і 50 тысячам сайтаў.

Беларускія правайдэры больш не змогуць прадаваць замежны хостынг і згубяць кліентаў.

Тысячы карыстальнікаў могуць сысці на замежныя хостынгі, дзясяткі тысяч долараў у месяц будуць сыходзіць за мяжу.

Указ ударыць па малым і сярэднім бізнэсе ў інтэрнэце і не дазволіць з'яўляцца новым паспяховым праектам.

Каго гэта датычыцца?

Усіх. Калі вы маеце фірму, у якой ёсць сайт ці пошта, то вы мусіце хосціцца ў Беларусі і прайсці рэгістрацыю.

Калі вы маеце прыватны блог, то таксама мусіце прайсці рэгістрацыю ці адмовіцца ад паслугаў беларускага правайдэра і купіць хостынг за мяжой.

Калі вы правайдэр, то мусіце адмовіцца ад многіх кліентаў, якія жадаюць замежны хостынг, і перанесці свае серверы з замежжа ў Беларусь. Таксама вы павінны правесці рэгістрацыю ўсіх сваіх кліентаў — у тым ліку і карыстальнікаў электроннай пошты.