Цімашэнка абвінавачвае Партыю рэгіёнаў у свядомым зрыве выбарчага працэсу

Кандыдат у прэзідэнты, прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка абвінавачвае Партыю рэгіёнаў у свядомым зрыве выбарчага працэсу.  "Я хачу звярнуцца да прэзідэнта Ўкраіны, які пакуль застаецца гарантам Канстытуцыі, — тэрмінова адрэагаваць на такую сітуацыю, тэрмінова ўмяшацца, пакуль краіна не страціла апошнія прыкметы цывілізаванай дэмакратычнай краіны. Калі такая сітуацыя застанецца далей, можна лічыць, што выбараў ва Ўкраіне не будзе", — сказала Юлія Цімашэнка сёння, адкрываючы пасяджэнне ўрада.

Кіраўнік урада патлумачыла, што ўжо зараз намаганнямі Партыі рэгіёнаў адбываюцца масавыя фальсіфікацыі, для якіх выкарыстоўваюцца тэхналогіі галасавання на даму без дакументальнага пацверджання стану здароўя, а таксама ажыццяўляецца падрыхтоўка для рэгістрацыі вялікай колькасці выбаршчыкаў у дзень галасавання па месцы жыхарства без рэгістрацыі.

Паводле інфармацыі Ю. Цімашэнка, у Данецкай вобласці, дзе пры ўладзе знаходзіцца Партыя рэгіёнаў, ужо 11% выбаршчыкаў з агульнага спісу напісалі заявы аб галасаванні на даму. "Такія заявы выпісаныя адной рукой. Усе яны, па сутнасці справы, ідуць з штабу Партыі рэгіёнаў", — дадала яна.

Прэм'ер нагадала, што БЮТ ініцыяваў скліканне пазачарговага пасяджэння Вярхоўнай Рады, але Партыя рэгіёнаў праз ўнясенне ў парадак дня каля 70 пытанняў вырашыла заблакаваць разгляд законапраекта аб забароне галасаваць на даму без дакументальнага пацверджання стану здароўя. "На жаль, усё гэта ператварылася ў прафанацыю ... Ідзе свядомы зрыў выбарчага працэсу", — заявіла Юлія Цімашэнка.

Кіраўнік урада таксама звярнулася да кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў у краіне з просьбай прааналізаваць сітуацыю ва Ўкраіне і зрабіць адпаведныя даклады сваім урадам.

"Я таксама хачу звярнуцца да сусветнай супольнасці: ва Ўкраіне пад прыкрыццём кіраўнікоў дзяржавы адбываецца проста зрыў сумленных выбараў і падрыхтоўка да маштабнай фальсіфікацыі", — падкрэсліла прэм'ер.

Прэм'ер лічыць, што дзеянні кандыдата ў прэзідэнты Віктара Януковіча з'яўляюцца цынічнымі, грубымі, а таксама накіраванымі на знішчэнне дэмакратыі ва Ўкраіне.

Юлія Цімашэнка падкрэсліла, што Партыя рэгіёнаў рыхтуе маштабныя фальсіфікацыі з дапамогай 8 членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, "якія знаходзяцца на хабарах, цалкам карумпаваныя і цалкам заангажаваныя кандыдатам у прэзідэнты Януковічам".

Па яе словах, як раз гэтыя восем членаў ЦВК прымаюць рашэнні, якія супярэчаць Канстытуцыі і закону пра выбары прэзідэнта.