Цягнік “Мінск—Івана-Франкоўск” курсіруе па іншым маршруце

З-за аварыі ва Украіне цягнік “Мінск—Івана-Франкоўск” курсіруе па іншым маршруце, у абыход зоны паражэння, якая складае каля 90 квадратных кіламетраў. Днём 18 ліпеня цягнік прыбудзе ў Мінск са спазненнем на гадзіну, паведамляе тэлеканал ОНТ.

Нагадаем, 16 ліпеня ў Львоўскай вобласці сышлі з рэяк 15 вагонаў з жоўтым фосфарам, 6 з іх загарэліся. Былі эвакуіраваныя каля 800 чалавек, пацярпелі дзесяткі чалавек. У раён аварыі для правядзення дэзактывацыі забруджанай тэрыторыі прыбылі спецпадраздзяленні хімічных войскаў.

Паводле інфармацыі Мінпрыроды Беларусі, аварыя не паўплывала на экалагічную сітуацыю ў нашай краіне. Аднак праводзіцца маніторынг навакольнага асяроддзя з мэтай устанаўлення магчымага паветранага пераносу прадуктаў гарэння на тэрыторыю Беларусі.