Да сустрэчы Лукашэнкі і Юшчанкі ў Гомелі паклалі новы асфальт

6 траўня Віктар Юшчанка ўпершыню прыедзе ў госці да Аляксандра Лукашэнкі. Сустрэча ўкраінскага і беларускага кіраўнікоў адбудзецца ў Гомелі. Як піша газета "Комсомольская правда в Беларуси", парадак дня пакуль невядомы. Але ўкраінскія эксперты лічаць, што напярэдадні пражскага саміту сустрэча будзе прысвечаная "Ўсходняму партнёрству".

Чуткі аб прыездзе ў Гомель прэзідэнтаў Украіны і Беларусі пайшлі па горадзе адначасова з укладкай асфальту на цэнтральнай вуліцы — Савецкай. Гамельчукоў здзівіў маштаб працы: галоўную магістраль паэтапна рамантавалі некалькі дзён, стрыглі траўнікі, фарбавалі агароджы. Цэнтр горада занялі самаскіды і дарожная спецтэхніка. У аблвыканкаме сцвярджаюць, што адбываецца планавы рамонт. Азеляняльнікі, якія ўпрыгожвалі кветнікі насупраць Гомельскага гарвыканкаму, казалі ўпэўнена, што ўпарпадкоўваюць горад перад прыездам кіраўнікоў дзвюх краінаў.

Паколькі рамонт закрануў не толькі цэнтральную вуліцу, але і раён, які выходзіць на Чарнігаўскую шашу, гамельчукі выказваюць здагадкі, што Юшчанка прыедзе з Украіны на машыне.