ДАІ раздае бранзалеты-флікеры з надпісамі супраць наркотыкаў і СНІДу

Новыя бранзалеты-флікеры пачынае з сённяшняга дня распаўсюджваць Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі. Акцыя, якая праводзіцца сумесна з "Чырвоным крыжам", называецца "Будзь асцярожны на дарозе жыцця".
Пра яе асаблівасці Еўрарадыё распавяла кіраўніца прэс-службы сталічнай ДАІ Жана Трайно:

"Мы сумесна з прадстаўнікамі "Чырвонага крыжа" будзем выязджаць на вуліцы, дарогі і ўручаць удзельнікам дарожнага руху святлоадбівальныя бранзалеты з надпісамі "Мае вены не для наркотыкаў", "У мяне са СНІДам розныя шляхі".

Такім чынам, гэтыя бранзалеты-флікеры не толькі зробяць пешаходаў бачнымі ў цёмны час сутак, але і будуць прапагандаваць здаровы лад жыцця. Акцыя ДАІ і "Чырвонага крыжа" працягнецца па ўсёй краіне на працягу тыдня.

Жана Трайно распавяла, колькі плануецца раздаць беларусам бранзалетаў:

"Толькі ў Мінску будзе раздадзена каля 4 тысяч гэтых святлоадбівальных бранзалетаў, а па краіне - каля 10-15 тысяч".