Даішнікі не змаглі пабудзіць п’янага кіроўцу маршруткі нават пасля аварыі

Зранку 19 лістапада ў Мінску на перакрыжаванні вуліц Рафіева і Ясеніна маршрутная таксоўка ўрэзалася ў тралейбус. Кіроўца маршруткі быў моцна п’яны і ехаў без пасажыраў. Мужчына проста заснуў за рулём і не прачнуўся нават пасля самой аварыі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшы інспектар ДАІ Дзмітры Максюта.
Максюта: “Кіроўца маршрутнага таксі здзейсніў сутыкненне з тралейбусам, наехаў на яго. Пагаварыць не ўдалося, супрацоўнікі не змаглі яго пабудзіць. У тралейбусе былі пасажыры, але ніхто не пацярпеў”.

Нагадаем, напрыканцы лета ў Мінску праходзіла аперацыя ДАІ “Маршрутка”. З яе дапамогай супрацоўнікі інспекцыі намагаліся зменшыць колькасць правапарушэнняў сярод кіроўцаў маршрутак. Напрыклад, за 10 месяцаў гэтага году з удзелам маршрутак адбылося 25 ДТЗ, распавяла Еўрарадыё начальнік аддзела агітацыі мінскай ДАІ Жанна Трайно. Гэта на 30% менш, чым за такі ж перыяд у мінулым годзе.