Дарослы чэмпіянат свету па таэквандо, магчыма, пройдзе ў Мінску

Прэзідэнт міжнароднай федэрацыі таэквандо прафесар Чан Унг паведаміў журналістам, што не бачыць перашкод для правядзення ў далейшым дарослага чэмпіяната свету ў Мінску. Паводле яго слоў, падрыхтоўка 9-га юніёрскага і 4-га ветэранскага чэмпіянату свету па таэквандо, які стартаваў 25 жніўня, прайшла на дастаткова высокім узроўні, паведамляе БелаПАН.

Па словах Чана Унга, асноўная мэта гэтага чэмпіянату — папулярызацыя таэквандо ў краінах Усходняй Еўропы праз Беларусь. Цяперашні чэмпіянат наведалі 650 удзельнікаў больш чым з 50 краін свету — пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар беларускай федэрацыі таэквандо Вячаслаў Бержац.

Фаварытамі спаборніцтваў, паводле яго слоў, сталі спартсмены з Паўночнай Карэі, моцная каманда прадстаўляе Расію, таксама годна выступае і зборная Беларусі. 25 жніўня, у першы дзень спаборніцтваў, беларускія байцы заваявалі па адным залатым і сярэбраным медалях, а таксама чатыры бронзавыя ўзнагароды. Учора нацыянальная зборная папоўніла скарбонку медалёў яшчэ адной бронзай.