Дашкевічу і Лобаву абвінавачанне не прад'явілі, але далі па 10 сутак

28 снежня зранку быў адпушчаны на волю Дзяніс Лазар і ўсе падазрэнні з яго знятыя, справа ў адносінах да яго спынена. Дзмітрыю Дашкевічу і Эдуарду Лобаву абвінавачанне таксама не было прад'яўлена, але іх знаходжанне пад арыштам працягнута яшчэ на 10 сутак.
Нагадаем, Дзмітрый Дашкевіч і Эдуард Лобаў знаходзяцца ў ізаятары часовага  ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама на Акрэсціна з 18 снежня, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Паводле версіі следства, Дашкевіч, Лазар і Лобаў з хуліганскіх памкненняў беспадстаўна і наўмысна, кулакамі і металічным абцугамі збілі двух грамадзян.

Адвакат Дашкевіча Павал Сапелка распавёў, што "Двое пацярпелых, на выгляд прыкладна гадоў дваццаці пяці, растлумачылі, што падышлі да хлопцаў і адначасова спыталі закурыць. На што ў адказ адзін атрымаў удар кулаком "у вобласць жывата" (прамая цытата), а іншага стукнулі металічным абцугом"

Са слоў Дашкевіча, усё выглядала інакш, і гэта на яго з таварышамі напалі пяцёра правакатараў, пасля чаго актывістаў "Маладога фронту" затрымала міліцыя, якая імгненна падаспела.

Расійская "Новая газета" паведаміла ўчора, што ктывістам руху "Малады фронт" прад'яўлена абвінавачванне ў злосным хуліганстве. Артыкул прадугледжвае да 10 гадоў зняволення.