Дэманстранты на Гаіці прасілі Пуціна абараніць іх ад ЗША

Удзельнікі пратэстаў у сталіцы Гаіці, горадзе Порт-а-Прэнсэ патрабавалі адстаўкі прэзідэнта і прэм’ер-міністра краіны. У часе дэманстрацыі ў пятніцу пратэстоўцы палілі шыны і кідалі камяні ў паліцыянтаў, якія ў адказ былі вымушаныя прымяніць слезацечны газ.

Сотням маніфестантаў удалося прабрацца да Нацыянальнага палацу — рэзідэнцыі прэзідэнта, доступ да якой абмежаваны ўжо цягам некалькіх год.

Пратэстоўцы абвінавачваюць ЗША ў падтрымцы цяперашніх уладаў Гаіці і патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Мішэля Мартэлі і прэм’ер-міністра Ларана Ламота.

Некаторыя ўдзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які, на іх думку, можа абараніць жыхароў Гаіці ў гэтай сітуацыі.

“Уладзімір Пуцін, калі ласка, дапамажы нам!” — напісана на плакатах.

Гэта ўжо трэцяя антыўрадавая акцыя на Гаіці за апошні месяц. Выбары ў гэтай краіне павінны былі прайсці яшчэ ў 2011 годзе, аднак былі адкладзеныя з-за непаразуменняў паміж урадам і сенатам.

ЗША раней заклікалі паскорыць выбары на Гаіці, інфармуе ВВС.