Для грамадзян ЗША і краін ЕС падаражэлі беларускія візы

Беларускія візы падаражэлі для грамадзян ЗША і краінаў, якія летась далучыліся да Шэнгенскага пагаднення: Славакіі, Славеніі, Эстоніі, Венгрыі, Латвіі, Літвы, Мальты, Польшчы і Чэхіі. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, у адносінах краін - новых сяброў Шэнгенскай зоны такія захады ўжытыя ў сувязі з павышэннем імі да 60 еўра за выдачу візаў беларускім грамадзянам.

Аднак, у адносінах Літвы, Латвіі, Польшчы і Эстоніі Беларусь ужывае дыферэнцыраваныя стаўкі. Аднаразовая і турыстычная візы каштуюць для іх грамадзян 25 еўра, двухразовая – 35 еўра, шматразовая на 3 месяцы – 60 еўра. Для грамадзян Літвы двухразовая гасцявая віза для наведвання магілаў блізкіх сваякоў выдаецца бясплатна.

Кошт консульскага збору за афармленне візаў для грамадзян Славакіі, Славеніі, Венгрыі, Мальты і Чэхіі павысіўся. Напрыклад, венгры плацяць за беларускую візу на тэрмін да 90 дзён 60 еўра.

Паведамляецца, што кошт аднаразовай візы для грамадзян ЗША цяпер складае 131 долар, двухразовай – 232 долара, шматразовай – 333 долара. Павышэнне кошту для амерыканцаў адбылося пасля таго, як візы для паездкі ў ЗША падаражэлі для беларусаў з 100 да 131 долара.
Хартыя-97