Дочкі Аляксандра Казуліна заклікалі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы

Вольга і Юля Казуліны звярнуліся да беларусаў з просьбай прыйсці сёння на Кастрычніцкую плошчу Мінска, каб ушанаваць Ірыну Казуліну.

Пра гэта Еўрардыё паведаміў былы адвакат палітвязня Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч.

“Рыхтуецца жалобная акцыя а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы, каб запаліць свечкі ў памяць аб Ірыне Казулінай, а таксама выступіць за тое, каб на час пахавання вызвалілі Аляксандра Казуліна. Падобная акцыя рыхтуецца ў Віцебску і іншых гарадах краіны”.


Зварот Юліі і Вольгі Казуліных:

“Мы звяртаемся да вас у вельмі цяжкую хвіліну для нашай сям'і - мы страцілі нашу любімую маці. Сёння да нас прыходзяць, тэлефануюць і пішуць мноства людзей з выказваннем спачування ў нашым горы. Нашы сэрцы рвуцца на часткі. Мы не можам пахаваць маці без нашага бацькі. Мы ўдзячныя вам за вашу падтрымку і ўдзел. Будзем разам у гэты цяжкі час! Прыходзіце сёння, 25 лютага 2008 г. а 18-й гадзіне са свечкамі на Кастрычніцкую плошчу.

Успомнім Ірыну Казуліну, ушануем яе памяць!”