Доктар: “Я катэгарычна не раю карыстацца зараз салярыем”

Сонечнае надвор’е не пакінула айчынныя салярыі без працы: наведвальнікаў там і зараз хапае. Супрацоўнікі салярыяў кажуць, што самі загараюць спачатку на сонцы, а потым — у кабінцы. Але дактары ўпэўненыя, што тыя, хто так робіць, “не сябруюць з галавой”. Лета ў гэтым годзе паставіла беларускіх аматараў загару перад складаным выбарам: ехаць за сонцам у цёплыя краіны ці застацца на радзіме і прымаць сонечныя ванны дзе-небудзь на азёрах Мядзельшчыны. Тэмпература — за 30, хмары загараць амаль не перашкаджаюць. Ды і трымаецца беларускі загар значна даўжэй за крымскі ці турэцкі.

Але, нягледзячы на самыя спрыяльныя ўмовы, салярыі не пустуюць. Як расказала Еўрарадыё супрацоўніца аднаго са сталічных салярыяў, наведвальнікаў у іх і ў гэтыя сонечныя дні хапае.

Супрацоўніца салярыя: “Ходзяць людзі, вельмі часта ходзяць. Нават такой спёкай! Некаторыя загадзя запісваюцца, а некаторыя проста прыходзяць і, калі занята, то крыху чакаюць”.

Карэспандэнт Еўрарадыё, які сам вельмі любіць загараць, пацікавіўся, ці можна, пазагараўшы пад натуральным сонцам, ісці па загар у салярый.

Супрацоўніца салярыя: “Мы самі ўсе так робім: загараем на вуліцы на сонейку, а потым усё адно ідзем у салярый. Мы нават праз дзень у салярый не ходзім — мы ходзім штодня. Хаця мы раім людзям хадзіць праз дзень. Паводле правілаў, трэба загараць у салярыі праз дзень, але ж не кожны дзень. А мы ходзім штодня”.

Праўда, параіла не спяшацца ў салярый “замацоўваць” загар, калі чалавек толькі вярнуўся з адпачынку.

Супрацоўніца салярыя:
“Калі вы загарэлі — не важна, дзе вы загаралі, — не трэба ісці адразу ў салярый. Хаця б тыдні два-тры пасля адпачынку не трэба чапаць яго. А ўжо потым — проста падтрымліваць яго”.

Супрацоўніца салярыя прызнала, што ён можа быць шкодны толькі для асобных катэгорый людзей. Напрыклад, тых, у каго радзімкі ёсць на скуры.

У адрозненне ад супрацоўніцы салярыя, якая, між іншым, з’яўляецца медыцынскім работнікам, загадчыца дэрматавенералагічнага аддзялення №2 Мінскага скура-венералагічнага дыспансера Святлана Тарасевіч людзей, якія зараз наведваюць салярый, не разумее. Больш за тое — паводле яе словаў, такія людзі проста “не сябруюць з галавой”.

Святлана Тарасевіч: “Гэта шкодна для арганізма тым, што выклікае часам захворванні, якія потым ператвараюцца ў злаякасныя пухліны скуры. Павялічваецца рызыка гэтых захворванняў. Таму за мяжой салярыямі карыстаюцца вельмі рэдка. Практычна не карыстаюцца людзі. Асабліва ў спякотны перыяд часу. Трэба не мець галаву, напэўна, каб так сябе не шкадаваць! Карыстацца ў такі час салярыем — гэта нешта”.

Доктар не супраць таго, каб схадзіць некалькі разоў у салярый зімой ці ўвесну — падрыхтаваць сябе такім чынам да будучых сонечных ваннаў ля мора на чужыне ці ля айчыннага возера. Але хадзіць туды пастаянна Святлана Тарасевіч не раіць катэгарычна.

Святлана Тарасевіч:
“Маладыя людзі, якія часцей і ходзяць у салярый, не думаюць пра тое, што будзе праз год-два. Як яны будуць выглядаць, як ідзе гіперпігментацыя ад усяго гэтага. Усё гэта нікуды не дзяецца, і потым усё гэта выявіцца. Сённяшняя прыгажосць не азначае заўтрашняе здароўе. Таму я б катэгарычна не раіла карыстацца ў дадзены момант салярыем”.

І нават калі вы ўжо добра загарэлі пад натуральным сонцам, загадчыца  дэрматавенералагічнага аддзялення не раіць ісці “замацоўваць” загар у салярый.

Святлана Тарасевіч: “Гэта не метад для ўмацавання загару. Можа, ён на пэўны час і ўмацуецца — але калі вы атрымалі наш загар, то ён сыдзе не так хутка, як, да прыкладу, паўднёвы. Але я б не раіла ісці зараз умацоўваць загар у салярый”.

І распавяла, што яны нават людзям, якім для лячэння неабходна загараць, раяць гэта рабіць пад сапраўдным сонцам, а не штучным у салярыі.