Допінгавы скандал з Ціханам і Дзевятоўскім можа скончыцца 11 чэрвеня

Спартовы арбітражны суд (САS) у Лазане вырашыў падоўжыць разгляд справы беларускіх кідальнікаў молата Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана да 11 чэрвеня. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў Вадзім Дзевятоўскі. Па яго словах, са Спартовага арбітражнага суда прыйшоў ліст, у якім паведамляецца аб падаўжэнні разгляду. Зрэшты, гэта не азначае, што рашэнне не можа быць апублікаванае раней за гэтую дату.

Нагадаем, што беларускія спартоўцы аспрэчваюць рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта. Дысцыплінарная камісія МАК пазбавіла іх медалёў пекінскай Алімпіяды-2008 з-за дадатных допінг-проб.

У Лазанскім судзе справу разглядалі тры арбітры - з Канады, Нямеччыны і Швейцарыі. Пасля завяршэння слуханняў яны павінны былі падрыхтаваць афіцыйнае рашэнне суда і паведаміць пра яго самім спартоўцам, Міжнароднаму алімпійскаму камітэту і Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Якіх-небудзь дадатковых паседжанняў САS па гэтай справе не плануе.