Допуск на Алімпіяду пакуль атрымалі толькі хакеісты і біятланісты

За 100 дзён да зімовай Алімпіяды ў Ванкуверы беларускія спартсмены маюць 33 допускі ў двух відах спорту — хакеі і біятлоне. Пра гэта сёння паведаміў першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Генадзь Аляксеенка, перадае БЕЛТА.
23 пропускі зарэзервавалі сабе гульцы хакейнай каманды, якія забяспечылі сабе пуцёўку ў Ванкувер яшчэ па выніках чэмпіянату свету 2008 года. А ў мінулым зімовым сезоне 10 ліцэнзій гарантавалі біятланісты (па 5 у мужчын і жанчын).

У астатніх відах спорту адбор яшчэ працягваецца, і канчатковая колькасць допускаў стане вядома 25 студзеня, калі завершыцца заключны кваліфікацыйны старт у гарналыжнікаў. Усяго Беларусь разлічвае выставіць удзельнікаў у 8-9 відах спорту.

За пуцёўку на Алімпіяду працягваюць барацьбу прадстаўнікі фрыстайлу, лыжных гонак, лыжнага дваяборства, горналыжнага спорту, канькабежнага спорту, шорт-трэка.

Па папярэдніх разліках, у складзе беларускай дэлегацыі ў Ванкувер разам з афіцыйнымі асобамі паедзе каля 210 чалавек.