Дунаеў: У савецкія часы было больш духу свабоды, чым у Адукацыйным кодэксе

У сферы вышэйшай адукацыі адбываецца дэградацыя, лічыць заснавальнік ЕГУ Уладзімір Дунаеў. У Адукацыйным кодэксе, паводле словаў незалежнага эксперта, няма ні выразу “акадэмічныя свабоды”, ні паняцця “універсітэцкая аўтаномія”, а бяспраўнае становішча студэнтаў такім і застанецца Нядаўна беларускі інтэрнэт ускалыхнулі навіны пра новы Адукацыйны кодэкс. З хваляваннем абмяркоўвалі тое, што нібыта адменяць завочную і дыстанцыйную форму навучання, а аспірантаў будуць размяркоўваць у вёскі. Што прынясе беларусам новы Кодэкс, Еўрарадыё патлумачылі эксперты.

Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі Ўладзімір Здановіч абверг чуткі пра тое, што адменяць “завочку”. Ён падкрэсліў, што Кодэкс — гэта ўсяго толькі касметычныя змены ў беларускай сістэме адукацыі:

“Ні ў якім разе я не хацеў бы, каб нашае грамадства ацэньвала з’яўленне Кодэксу як нейкую новую рэформу! Кардынальных мераў, якія б маглі выклікаць хваляванні ў грамадстве, вы ў гэтым Кодэксе ні ў якім разе не знойдзеце.

Мы не ўносім прапанову аб абсалютнай забароне завочнага навучання. Мы проста звяртаем увагу на тое, што ў нас колькасць студэнтаў павялічваецца ў асноўным за кошт платнага завочнага навучання. Робім гэта для таго, каб павысіць якасць вышэйшай адукацыі”.

Аспірантаў адсылаць у калгасы таксама не будуць, супакоіў спадар Здановіч:

“Мяне здзівілі выказванні ў Інтэрнэце нашых маладых аспірантаў, што вось я навучаюся, а мяне накіруюць у нейкі там калгас. Ніхто яго туды накіроўваць не будзе! Ён будзе працаваць згодна з узятым адразу навуковым накірункам, гэта адразу адлюстроўваецца ў дамове. Такое размеркаванні магістрантаў і аспірантаў адбываецца і цяпер”.

Заснавальнік Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, былы прарэктар ЕГУ Ўладзімір Дунаеў расказаў Еўрарадыё пра сваё бачанне Кодэкса. Ён лічыць, што для вышэйшай адукацыі новы закон азначае дэградацыю:

“Я не ведаю, для чаго быў зроблены гэты Кодэкс, чым ён лепшы за законы, якія рэгулявалі гэтую сферу грамадскага жыцця. Адукацыйны кодэкс — даволі рэдкая форма, большасць краінаў абыходзіцца без яго. На мой погляд, ён фіксуе той статус-кво, які існуе ў беларускай сістэме адукацыі цяпер. Ён не прадугледжвае ніякіх зменаў або развіцця гэтай сістэмы, а толькі замацоўвае той крызісны стан, у якім яна цяпер знаходзіцца”.

Еўрарадыё: Што значыць прыняцце гэтага Кодэкса для вышэйшай адукацыі? Ці набліжае ён нашу адукацыю да еўрапейскай?

Дунаеў: “Гэты Кодэкс прадстаўляе сабой недарэчны анахранічны дакумент, які не мае ніякіх адносінаў да той перспектывы, якая афіцыйна абазначана як "далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу".

Там няма нават тых слоў, якімі звычайна характарызуюць універсітэты і ўніверсітэцкае жыццё. Мне падаецца, што нават у савецкія часы было больш духу свабоды, чым у гэтым Кодэксе. Нашыя акадэмічныя ступені застаюцца настолькі самабытнымі, што іх цяжка ўвогуле нейкім чынам суаднесці з еўрапейскімі мадэлямі.

На жаль, у Кодэксе вы не знойдзеце нават выразу “акадэмічныя свабоды”. Не знойдзеце вы там і “універсітэцкай аўтаноміі”. Але я павінен сказаць, што гэтыя тэрміны былі ў законе аб адукацыі, які быў прыняты ў 1992 годзе і рэдагаваны ў 2002 годзе. У сферы вышэйшай адукацыі мы назіраем хутчэй дэградацыю”.

Еўрарадыё: Што зменіцца для самога студэнта з прыняццем гэтага Кодэксу?

Дунаеў: “Для вас нічога не зменіцца. Вашае бяспраўнае становішча такім самым і застанецца”.

Былы прарэктар ЕГУ заклікае да ўсеагульнага абмеркавання Адукацыйнага кодэкса.

Дунаеў: “Голас студэнтаў — так сама як голас бацькоў, выкладчыкаў, а не толькі экспертаў — павінен быць выразна пачуты падчас абмеркавання гэтага Кодэкса. Вельмі дрэнна, што такія абмеркаванні не адбываюцца. Дрэнна тое, што дагэтуль не было прыцягнута грамадскай увагі да гэтага дакумента”.

Нагадаем, што праект Кодэкса аб адукацыі рыхтуецца ў Палаце прадстаўнікоў да разгляду ў другім чытанні. Еўрарадыё прапануе абмеркаваць Адукацыйны кодэкс. Азнаёміцца з ім можна тут.


Фота: www.svaboda.org