Двое беларусаў знаходзяцца ў цяжкім стане ў сімферопальскай бальніцы

Чацвёра з дваццаці пацярпелых пры сутыкненні мікрааўтобуса і легкавіка ў Крыме знаходзяцца ў цяжкім стане. Як паведамляе Рэспубліканскі цэнтр медыцыны катастрофаў у Сімферопалі, сярод іх двое беларусаў. Трое чалавек змешчаныя ў рэанімацыю, адзін — у траўматалогію. Нагадаем, аварыя здарылася ўчора раніцай ў Сімферопальскім раёне. Кіроўца "Жыгулёў" абганяў грузавік і выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з мікрааўтобусам, у якім знаходзіліся 18 чалавек (сярод іх пяцёра беларусаў — маладая пара з Магілёва, маці і дачка, а таксама 22-гадовая дзяўчына з Віцебска), якія ехалі на адпачынак у Судак. Ад удара аўтобус перавярнуўся, але пасля стаў на колы.



Кіроўца легкавіка загінуў на месцы, яго пасажыр памёр у бальніцы. Яшчэ двое пасажыраў "Жыгулёў" і людзі, якія знаходзіліся ў мікрааўтобусе, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.