“Дынама”: Нацысцкіх правакацыяў на матчы з “Макабі” спрабуем не дапусціць

На хатні матч Лігі Еўропы з “Макабі” у мінскае “Дынама” вернецца капітан каманды Сяргей Кісляк. 5 жніўня каманда Уладзіміра Гольмака пры падтрымцы родных сценаў паспрабуе адквітаць гол, прапушчаны ў Хайфе. Квіткі на гульню “Дынама” з “Макабі” прадаюцца ад серады. Футбалісты “Макабі” прыехалі ў Мінск ўсяго за дзень да гульні, 4 жніўня, паведаміў Еўрарадыё прэс-аташэ мінскага “Дынама” Алег Сабалеўскі.

Алег Сабалеўскі: “Яны будуць жыць у гатэлі “Еўропа”. Наконт кухні нам нічога не паведамлялі. Думаю, што свайго кухара на два дні везці не будуць, а папросту прыслалі меню, згодна з якім іх будуць карміць”.

На жаль, у гатэлі “Еўропа” паведаміць, ці аддзяляюць ізраільскія футбалісты мясное ад малочнага, адмовіліся.

Не зважаючы на спёку, дынамаўцы рыхтаваліся да матчу з “Макабі” ў звычайным рэжыме.

Алег Сабалеўскі: “Нічога спецыяльна такога не было, каб зусім позна ці зусім рана... Як заўжды, у нас вечаровыя трэніроўкі”.

Цалкам магчыма, што ў гульні супраць ізраільскай каманды на поле вернецца капітан “Дынама” Сяргей Кісляк, які праз канфлікт з кіраўніцтвам клуба быў адлучаны ад трэніровак і прапусціў матч у Хайфе. Згуляе супраць “Макабі” і Антон Пуціла, таксама адлучаны ад трэніровак, але вернуты ў склад дынамаўцаў крыху раней.

Алег Сабалеўскі: “Калі стан здароўя і фізічная форма ім дазволяць — я думаю, што яны згуляюць”.

Асаблівую занепакоенасць напярэдадні візіта “Макабі” у Мінск выклікаюць паводзіны заўзятараў “Дынама”. Тры месяцы таму, падчас матчу чэмпіяната Беларусі паміж “Дынама” і “Віцебскам”, дынамаўскія “ультрас” вывесілі на трыбунах банер, які ўсхваляў Рудольфа Геса — намесніка Гітлера па нацысцкай партыі, за што клуб пакаралі штрафам у 82 тысячы долараў.

Аднак Алег Сабалеўскі запэўніў: клуб прыкладае высілкі, каб падчас матчу з ізраільскай камандай нацысцкай правакацыі не адбылося.

Алег Сабалеўскі: “Размовы з лідэрамі фан-руху ў нас адбываюцца рэгулярна. І мы заўжды імкнемся давесці да іх, што такія ўчынкі перашкаджаюць іміджу клуба і беларускага футбола ўвогуле. На жаль, не да ўсіх атрымліваецца дагрукацца... Але што тут зробіш? Апошняя сустрэча кіраўніцтва клуба з прыхільнікамі “Дынама” адбылася на мінулым тыдні. І там, між іншага, узнімалася і гэтае пытанне”.

У інтэрв’ю пасля першай гульні з “Макабі” трэнер мінскага клуба Уладзімір Гольмак выказаў спадзяванне, што заўзятары дынамаўцаў прыйдуць на стадыён і “будуць гнаць нашую каманду ў атаку”. Вядома, аншлага на 40-тысячным “Дынама” ніхто не чакае. Але, як распавёў Еўрарадыё гендырэктар УП “Дынама-Спорт” Уладзімір Вільчынскі, у сераду квіткі з’явіліся ў касах стадыёна.

Уладзімір Вільчынскі: “Учора прывезлі квіткі, а сёння мы пачалі продаж... Касы адкрыліся ў 10:00. Два дні будуць квіткі прадавацца — сёння і заўтра”.

Матч у адказ 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы “Дынама” (Мінск) — “Макабі” (Хайфа) пачнецца 5 жніўня ў 19:00. Нагадаем, у першай гульні дынамаўцы прайгралі з мінімальным лікам — 0:1. У лепшай сітуацыі магілёўскі “Дняпро”, які 5 жніўня на той жа стадыі спаборніцтваў сустрэнецца з “Банікам” у Астраве. Першы матч скончыўся з лікам 1:0 на карысць каманды з Магілёва.


Фота: www.dinamo-minsk.by.