Дыпламат: Канфрантацыя з ЕС нашкодзіць, у першую чаргу, самой Беларусі
Па меркаванні віцэ-міністра замежных спраў Літвы Эвалдаса Ігнатавічуса, Беларусь павінна зрабіць крокі насустрач, каб пазбегнуць палітыкі самаізаляцыі. Але для гэтага ў афіцыйнага Мінска ёсць трохі часу, адзначыў літоўскі дыпламат, спаслаўшыся на заяву ў Еўрапарламенце камісара Еўрасаюза па пытаннях палітыкі добрасуседства Штэфана Фюле на слуханнях па сітуацыі ў Беларусі, паведамляе Deutsche Welle. Віцэ-міністр замежных спраў Літвы сказаў, што Еўрасаюз гатовы да любога адказу Лукашэнкі на ўвядзенне санкцый. "Вядома, усякія варыянты магчымыя, і Еўрасаюз гатовы да любога развіцця сітуацыі. Але мы спадзяемся, што у нас атрымаецца пазбегнуць нейкіх крайніх сцэнараў. Беларусь аднолькава зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Еўрасаюзам, як і Еўрасаюз з Беларуссю. Я думаю, што такія крокі нашкодзілі б, першым чынам, самай Беларусі, у якой амаль палова гандлёвага абароту даводзіцца на Еўрапейскі саюз".