Дырэктарка гандлёвай сеткі Мінску за два гады скрала 44 мільёны рублёў

Дырэктарку адной з гандлёвых сетак Мінску міліцыянты падазраюць у крадзяжы 44 млн рублёў. Як інфармуе БЕЛТА, па верасіі праваахоўнікаў, 45-гадовая дырэктарка на працягу двух гадоў прысабечвала грошы, што належалі прадпрыемству, якое яна ўзначальвала. З гэтай нагоды міліцыянты пачалі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам.

Жанчына выкарыстоўвала некалькі спосабаў несумленнага заробку. Напрыклад, яна складала заведама ілжывыя дамовы падраду з фізічнымі асобамі на выкананне разнастайных прац. Прычым і працы фактычна не рабіліся, і людзі, якія па дакументах іх выконвалі, на аб'ектах гандлёвай сеткі ніколі не з'яўляліся.

Кіраўніца таксама магла дазволіць сабе проста ўзяць з касы крамы грошы - нібы на выплату нейкага крэдыту ці якіх-небудзь гаспадарчых патрэб.

Цяпер жанчына знаходзіцца ў следчым ізалятары. Ёй пагражае пазбаўленне волі да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.