Дзеля беларускага малака расіяне гатовыя працаваць і ў выходныя

Але нашыя вытворцы не асабліва спяшаюцца атрымліваць неабходную дакументацыю на сваю малочную прадукцыю. Хоць тэрмін ультыматума Анішчанкі заканчваецца праз 2 дні. 2 ліпеня галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расіі Генадзь Анішчанка заявіў, што беларускія малочнікі наноў рызыкуюць страціць расійскі рынак. Прычына нібыта ў тым, што, паводле яго слоў, беларускі бок спрабуе сарваць дасягнутыя дамоўленасці па "малочным пытанні" і тэхрэгламенце. Гэта можа прывесці да адмены пераходнага перыяду і новага прыпынення паставак малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расію.

Беларусам далі тэрмін да 6 ліпеня, каб выправіць сітуацыю.

Дзень аб’яўлення свайго ўльтыматума Анішчанка выбраў вельмі “ўдала”: 3 ліпеня ў Беларусі свята, а 4 і 5 ліпеня ў абедзвюх нашых краінах выходныя дні. Гэта значна скарачае шанцы беларускіх вытворцаў атрымаць усе неабходныя паперы. Але сказаць, якія меры прыме Расспажыўнагляд 6 ліпеня супраць тых вытворцаў, якія выканаць умову Анішчанкі не змогуць, кіраўніца прэс-службы гэтай установы Любоў Варапаева не здолела.

Любоў Варапаева:
“Пасля 6 чысла будзе прынята рашэнне. Якое яно будзе — я не ведаю”.

А каментаваць тое, што беларусы павінны атрымаць неабходную дакументацыю на сваю прадукцыю ў святочны і выходныя дні, і ўвогуле адмовілася.

Як стала вядома Еўрарадыё, беларускія прадпрыемствы едуць па неабходную дакументацыю на сваю прадукцыю ва Ўпраўленні Расспажыўнагляда ў Бранску і ў Смаленску. І, згодна са словамі намесніцы кіраўніка Ўпраўлення па Бранскай вобласці Людмілы Трапезнікавай, яны гатовыя працаваць і ў выходныя. Калі да іх будуць звяртацца беларускія вытворцы.

Людміла Трапезнікава:
“Нягледзячы на тое, што ў нас выходныя будуць, тыя людзі, якія працуюць на правядзенні даследаванняў, яны ўсе будуць працаваць. Калі б было патрэбна, і мы выйшлі б у выходны дзень. Але ў нас яшчэ не будзе прадмета для працы. Бо пробы прывозяць, але ж гэта мікрабіялогія: бактэрыя пакуль вырасце, гэта займае працяглы тэрмін. І на гэтыя выходныя ў нас яшчэ не будзе неабходнасці выходзіць на працу. Але калі будзе патрэбна, будуць гатовыя вынікі, каб афармляць дакументы, — мы, безумоўна, будзем працаваць”.

Вось толькі, кажа яна, беларусы не вельмі арганізавана едуць па неабходную дакументацыю.

Людміла Трапезнікава: “Дзесьці каля 20 санэпідэмзаключэнняў мы ўжо выдалі, бо пробы ў нас знаходзяцца ў працы. Адзінае што — беларусы не надта арганізавана едуць”.

Гатовыя прымаць узоры беларускай прадукцыі на экспертызу і ва Ўпраўленні па Смаленскай вобласці. Пра гэта расказала Еўрарадыё намесніца начальніка кіраўніка Любоў Патапава.

Любоў Патапава: “У нас працуюць усе выходныя дні. І на мытным пасту, і дзяжурны ва Ўпраўленні. Усе працуюць, паўсюль ёсць дзяжурныя — пачынаючы ад паста мытнага і заканчваючы офісам Упраўлення”.

Паводле слоў супрацоўніцы Бранскага Ўпраўлення Людмілы Трапезнікавай, малочная прадукцыя з Беларусі мае высокую якасць. Але трэба было загадзя прывесці ў адпаведнасць з расійскім заканадаўствам усе неабходныя дакументы. Вінаватым у тым, што гэта не было зроблена своечасова, яна лічыць беларускі Дзяржстандарт.

Людміла Трапезнікава:
“Яны своечасова не спрацавалі, каб памяняць свой рэгламент пад расійскі стандарт. Калі б яны гэта зрабілі своечасова, я думаю, у нас такога прэцэдэнта не было б. А зараз прадпрыемствам даводзіцца працаваць на хаду, перастройвацца і ўносіць змены. А ўносіць змены ў тэхнічную дакументацыю — гэта досыць працяглая працэдура: таму яны ў такім інтэнсіўным рэжыме працуюць зараз. Але гэта складана. Таму я ім спачуваю ад усёй душы”.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў беларускіх вытворцаў, што яны робяць дзеля таго, каб як найхутчэй атрымаць дакументацыю на сваю прадукцыю, каб паспець хоць нешта зрабіць да заканчэння тэрміна дзеяння ультыматума Анішчанкі. Але ні па адным тэлефоне на тых 5 малаказаводах, да якіх Еўрарадыё спрабавала дазваніцца 3 ліпеня, ніхто не адказаў. Відаць, свята — нават у крызіс важней за ўсё.

Між тым намесніца кіраўніка Ўпраўлення Расспажыўнагляда па Бранскай вобласці Людміла Трапезнікава папярэдзіла беларускіх вытворцаў, што з расійскімі тэхрэгламентамі лепш не жартаваць. Прычым гэта тычыцца не толькі вытворцаў малочнай прадукцыі.

Людміла Трапезнікава: “У нас прыняты новы тэхнічны рэгламент на сокі, хутка на мяса пачне дзейнічаць. Можа быць, гэтая сітуацыя для астатніх беларускіх вытворцаў, якія хочуць працаваць на расійскім рынку, паслужыць, на жаль, урокам. Хочаце з намі працаваць — хуценька афармляйце свае дакументы, мы заўсёды адкрытыя. Каб працаваць па нармальнай дакументацыі”.

Нагадаем, пасля завяршэння першага раўнда “малочнай вайны” паміж нашымі краінамі расійскі бок дапусціў на свой рынак больш за 400 найменняў беларускай малочнай прадукцыі з умовай выканання да канца ліпеня ўсіх патрабаванняў расійскага заканадаўства. Разам з тым, кажа Анішчанка, з моманту дасягнення дамоўленасцяў для экспертызы з боку Беларусі паступіла толькі каля 30 узораў.

Фота: www.rusrep.ru