Дзеля эканоміі на вуліцах Віцебска ноччу адключаюць асвятленне

У Віцебску ў начны час, з 1.00 да 5.00, сталі адключаць вулічнае асвятленне. Такое распараджэнне ў мэтах эканоміі энергарэсурсаў выдаў Віцебскі гарвыканкам. Першае адключэнне адбылося ў ноч з 23 на 24 лютага, інфармуе БелаПАН.
Энергазберагальны рэжым вулічнага асвятлення будзе дзейнічаць штодня, апрача выхадных і святочных дзён.

На працягу чатырох гадзін не гараць ліхтары па ўсім горадзе, у тым ліку на магістральных вуліцах. У гэты адрэзак часу асвятляюцца толькі Прывакзальная плошча з чыгуначным і аўтобусным вакзаламі і прылеглыя да яго вуліцы.

Паводле папярэдніх разлікаў, адключэнне па начах вулічнага асвятлення дапаможа гарадскому бюджэту зэканоміць у год да 1 мільярда рублёў.

Аднак супраць такой эканоміі выступае міліцыя. На думку праваахоўнікаў, асвятленне павінна быць, інакш ствараюцца ўмовы для злачынстваў і правапарушэнняў.