Дзень Салідарнасці пройдзе каля касцёла святога Язэпа

Пра гэта дамовіліся аргкамітэт БХД, "Хартыя'97", "Малады фронт", "Правы альянс", "Еўрапейская Беларусь". Пра гэта ў каментары Еўрарадыё паведаміў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец. Севярынец: "Дзень Салідарнасці будзе агульным. Мы ўзганілі гэта з аргкамітэтам "Хартыі'97", з людзьмі, якія ініцыявалі ў свой час Дзень Салідарнасці і праводзілі яго. Таму і людзі з партрэтамі Бябеніна, і тыя, хто будзе маліцца, каб касцёл у сэрцы Мінску вярнулі вернікам, і тыя, хто шануе памяць пра Ганчара і Красоўскага (зніклых 11 гадоў таму - 16 верасня 1999 года), - усе яны прыйдуць да касцёла святога Язэпа".

Па словах Севярынца, арганізатары разлічваюць, што на акцыю збярэцца не менш за сотню ўдзельнікаў. І менавіта з Дня Салідарнасці БХД пачынае сваю акцыю барацьбы за вяртанне вернікам касцёла святога Язэпа. Збор удзельнікаў каля касцельнага будынку плануецца кожны вечар.