Дзесяткі вядомых беларускіх спартсменаў падтрымалі газету "Прессбол"

Чатыры дзесяткі вядомых беларускіх спартсменаў падтрымалі недзяржаўную спартыўную газету "Прессбол", якая рашэннем выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі была пазбаўлена акрэдытацыі на Алімпіядзе ў Пекіне.

У кожным нумары газеты яны выказваюць сваё абурэнне такім крокам спартыўных чыноўнікаў і заяўляюць пра недапушчальнасць такіх жорсткіх захадаў у адносінах "Прессбола".

Сярод спартсменаў, якія ўжо выказалі салідарнасць з «Прессболом», чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, сусветных і кантынентальных спаорніцтваў: веласіпедыстка Наталля Цылінская, фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі, легкаатлетка Юлія Несцярэнка, гімнастка Ганна Глазкова, баскетбалістка Алена Швайбовіч, гандбаліст Сяргей Рутэнка ды іншыя, інфармуе "Радыё Свабода".

Нагадаем, што кіраўніцтва "Прессбола" звярнулася з адкрытым лістом да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, які таксама з'яўляецца прэзідэнтам НАК, аднак ён яшчэ не адрэагаваў на сітуацыю. Восем гадоў таму менавіта яго ўмяшальніцтва вярнула газеце акрэдытацыю на Алімпіядзе ў Сіднэі.