Дж.Буш: “Уявіце, што Вы – Буш, і што вы можаце зрабіць для Беларусі”

З такімі словамі звярнуўся амерыканскі прэзідэнт да беларускай дэлегацыі ў часе ўчорашняй сустрэчы ў Белым доме. Кіраўнік беларускай дэлегацыі Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што гаворка ішла пра падтрымку медыяў у краіне, тэлебачання “Белсат”, дзейнасці грамадзянскай супольнасці. “Былі абмеркаваныя таксама пытанні каардынацыі міжнароднай палітыкі ў дачыненнях з рэжымам Лукашэнкі", - распавёў Мілінкевіч.

Сустрэча доўжылася гадзіну замест запланаваных 40 хвілін.

На сустрэчы ў Белым доме прысутнічала амбасадар ЗША у Беларусі Карэн Сцюарт. Кіраўнік дэлегацыі паведаміў, што акрамя сустрэчы з прэзідэнтам ЗША беларуская дэлегацыя правяла прэс-канферэнцыю ў офісе радыё “Свабода”, пазней быў тэлемост з прэзідэнтам радыё Джэфры Гедмінам і сустрэча з беларускай дыяспарай.

Нагадаем, учора ў Кангрэсе ЗША прайшлі спецыяльныя слуханні “Беларусь: ад дыктатуры да дэмакратыі”, а таксама адбыліся сустрэчы беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам Фонду Маршала, з дырэктарам Міжнароднага рэспубліканскага інстытута ЗША Лорнам Крэйнерам, з супрацоўнікамі нацыянальнага Фонду падтрымкі дэмакратыі і амбасадарам Нямеччыны ў ЗША Клаўсам Шарыётам.

У склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, моладзевы лідэр Павал Севярынец, старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, адзін з лідэраў «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук, былая палітзняволеная Эніра Браніцкая.

Паводле "Хартыя-97"