Дзіцячую пляцоўку прадалі пад камерцыйную забудову
Улады кажуць, што гэта законна і на звароты грамадзян не рэагуюць.
У Мінскім раёне ў вёсцы Валяр'янава мясцовыя жыхары некалькі гадоў таму добраўпарадкавалі пустку і зрабілі на ёй дзіцячую пляцоўку. Пустка доўгі час зарастала бур'яном і была месцам для скідвання снегу ў зімовы час, пакуль жыхары навакольных дамоў не вырашылі яе акультурыць. Спачатку, скасіўшы на пустцы хмызнякі і пустазелле, яны высадзілі на ўчастку каля 70 маладых дрэваў, а затым звярнуліся ў Мінскі райвыканкам і Бараўлянскі сельсавет з просьбай дазволіць стварыць на гэтым месцы дзіцячую пляцоўку за ўласны кошт. Улетку 2008 года дазвол быў атрыманы, і дзіцячая пляцоўка была пабудаваная.
Аднак неўзабаве на месцы дзіцячай пляцоўцы фірмы ПТВУП "Седат" і ЗАТ "Вольна" распачалі будаўніцтва гандлёвага аб'екту і аўтамабільнай стаянкі. Пры гэтым сама дзіцячая пляцоўка была дэмантаваная, пабудаваныя жыхарамі арэлі і іншыя прылады зламаныя і раскіданыя, а роварная дарожка была перакрытая будаўнічым плотам. На звароты грамадзян ў органы мясцовай ўлады прыходзяць адпіскі пра тое, што будаўніцтва вядзецца законна, як і руйнаванне пляцоўкі. Пры гэтым сродкі і высілкі жыхароў Валяр'янава, якія пайшлі на стварэнне дазволенай уладамі пляцоўкі, ні кім не ўлічваюцца і папросту ігнаруюцца.
"Мясцовая ўлада паводзіць сябе цалкам бесцырымонна ў дачыненні да жыхароў вёскі. Раздае і распрадае землі, а з меркаваннямі вяскоўцаў, якія прысвяцілі свае сродкі гэтай пляцоўцы, абсалютна не лічыцца", — адзначыў сустаршыня БХД Георгі Дзмітрук.