Дзярждэп ЗША патрабуе вызвалення палітвязняў у бліжэйшыя дні
ЗША зноў нагадваюць Лукашэнка, што час працуе не на яго. Намеснік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан заявіў у інтэрв'ю ВіВіСі, што калі ўжо ў бліжэйшыя дні ўсе затрыманыя ў сувязі з падзеямі ў Мінску 19 снежня не будуць на волі, то рэжыму Лукашэнкі не пазбегнуць увядзення санкцый, паведамляе "Голос Америки" "Мы цесна супрацоўнічаем з Еўрасаюзам, у распараджэнні якога яшчэ больш рычагоў уплыву ў плане забароны на ўезд у Еўропу для Лукашэнка і іншых беларускіх службоўцаў. Яны працуюць у рамках Усходняга партнёрства, у якім зацікаўлена Беларусь, а таксама па замарожванні фінансавых актываў", - распавёў Гордан. "Калі краіна хуткім часам не зменяць свае паводзіны, ёй варта чакаць адпаведных наступстваў", заявіў намеснік дзяржсакратара ЗША. "Беларусь з аднаго боку апынецца ў ізаляцыі, з іншай - у моцнай залежнасці ад Расіі, у чым, як мы разумеем, краіна ўсёткі не зацікаўлена", - папярэдзіў Гордан. "Аднак дзверы адкрыты. Паляпшэнне ўзаемаадносін магчыма. Ён ведае, што трэба для гэтага зрабіць, і мы чакаем гэтых крокаў як мага хутчэй", - кажа Гордан.