Дзяржслужбоўцы павінны валодаць дзвюма мовамі — А.Лукашанец

Дырэктар Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лукашанец падчас І З'езду навукоўцаў Беларусі заявіў, што навукоўцы мусяць дамагчыся новай заканадаўчай нормы. Яе сутнасць у тым, што вольнае валоданне дзвюма дзяржаўнымі мовамі з'яўляецца абавязковай умовай прыёму адмыслоўца на дзяржаўную службу або ў любую дзяржаўную ўстанову. Навуковец перакананы, што гэта дапаможа беларускім педагогам фармаваць дзвюхмоўную асобу, якая ўсвядоміць каштоўнасць нацыянальна-культурных прыярытэтаў краіны.

"Калі вучань і яго бацькі будуць разумець, што для таго, каб у будучыні заняць нейкую пасаду, трэба па-сапраўднаму ведаць беларускую мову, то яны карэнным чынам зменяць сваё стаўленне да яе вывучэння, — адзначыў Аляксандр Лукашанец. — Пры гэтым беларускае грамадства атрымае чалавека, найбольш падрыхтаванага для паспяховай дзейнасці ў сучаснай шматмоўнай і шматкультурнай сусветнай супольнасці".

БЕЛТА