Эканамічны суд СНД адмовіў Беларусі ў скліканні пленума

А да разгляду пазову нашай краіны да Расіі суд вернецца толькі ў верасні.
Эканамічны суд СНД не будзе склікаць пленум для разгляду заявы ўраду Беларусі наконт прыпынення спагнання мыта на расійскія нафтапрадукты. Прычына адмовы ў тым, што статус Эканамічнага суду СНД не прадугледжвае ў структуры гэтага суду пленума і вызначае, што рашэнне суду супольнасці ёсць канчатковым. Адпаведная інфармацыя змешчаная на сайце суду.

Нагадаем, што 29 чэрвеня ў Эканамічны суд СНД паступіў зварот Міністэрства юстыцыі Беларусі з просьбай як мага хутчэй склікаць пленум і разгледзіць заяву ўраду наконт прыпынення спагнання мыта на расійскія нафтапрадукты. 24 чэрвеня ў часе распараджальнага паседжання Эканамічны суд адхіліў заяўленае Беларуссю хадайніцтва пра часовую забарону спагнання Расіяй пошлін на нафтапрадукты да вырашэння спрэчкі па сутнасці.

Гаворка ідзе пра пазоў, з якім Мінюст Беларусі звярнуўся ў Эканамічны суд 25 сакавіка. У ім беларускі бок прасіў суд пацвердзіць факт таго, што Расія парушыла палажэнні дзейсных міжнародных дамоваў пра свабодны гандаль і Мытны саюз у межах ЕўрАзЭС. Беларускія ўлады таксама прасілі суд рэкамендаваць Расіі, каб яна адмяніла мыта на нафтапрадукты.
 
24 чэрвеня калегія Эканамічнага суду СНД прызначыла наступнае судовае паседжанне на пазоў ўраду Беларусі да Расіі на 7 верасня. У найбліжэйшыя два месяцы суд працаваць ня будзе — у яго вакацыі.