Эколаг: Для “зялёнай эканомікі” у Беларусі адной палітычнай волі мала
Прадстаўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў распавядае, з чым ядуць “зялёную эканоміку” і наколькі магчыма рэалізаваць яе прынцыпы ў Беларусі.
Беларуская эканоміка стане “зялёнай”, паабяцаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко: "Мы спрабуем знайсці падыходы, як перабудаваць работу нашай эканомікі, адпрацоўваем усе прынцыпы", - сказаў міністр. Наколькі верагодна, што бліжэйшым часам Беларусь стане прыкладам гаспадарання і дбання пра прыроду, Еўрарадыё паразмаўляла з прадстаўніком Цэнтра экалагічных рашэнняў, эколагам Яўгенам Лабанавым.
Еўрарадыё: Што такое “зялёная эканоміка”?
Яўген Лабанаў: Пад гэтым словазлучэннем розныя людзі могуць разумець розныя рэчы. Пад зялёнай эканомікай мы разумеем эканоміку, якая спрыяе дабрабыту людзей і змяншае цяжар, накладзены на навакольнае асяроддзе. Ідэя гэтая была прапанаваная Юнэт (міжнароднай праграмай ААН дзеля аховы навакольнага асяроддзя) як ідэя новай мадэлі глабальнага развіцця. 20 год таму ў Рыа-дэ-Жанейра прайшоў Саміт дзеля ўстойлівага развіцця, як яго называюць, і там на міжнародным узроўні была прынятая канцэпцыя ўстойлівага развіцця. І 20 год гэтыя рэчы развіваліся і прасоўваліся ў многіх краінах, таксама і ў Беларусі. У нас у краіне ўжо будзе трэцяя канцэпцыя ўстойлівага развіцця. Але ж, нягледзячы на гэта, з боку людзей і ўрадаў павялічылася крытыка нашага развіцця, бо яно далёкае ад той стабільнасці, якую хацелася б бачыць. Мы бачым, што прыродныя рэсурсы Зямлі ўсё адно працягваюць актыўна вынішчацца, экалагічныя праблемы, хутчэй, павялічваюцца, чым змяншаюцца за апошнія 20 год.
Еўрарадыё: Наколькі Беларусь прасунутая ў кірунку экалогіі?
Яўген Лабанаў: “Зялёная эканоміка” гэта, хутчэй, арыенцір для развіцця. Гэта не характарыстыка цяперашняй мадэлі. Неўзабаве адбудзецца чарговы саміт у Рыа-дэ-Жанейра, каб ацаніць тое, што было зроблена за 20 год. На гэтым саміце будзе прапанаваная мадэль “зялёнай эканомікі”, як мадэль міжнароднага развіцця. У нас багаты прыродны патэнцыял, у Беларусі жыве шмат людзей, і сама ідэя сацыяльнай справядлівасці і зніжэння рызыкі для навакольнага асяроддзя для нас цалкам пасуе. Іншая рэч, што, натуральна, “зялёная эканоміка” запатрабуе пэўных інвестыцый і перасоўвання ўвагі на больш бяспечныя для прыроды тэхналогіі.
Еўрарадыё: Ці можа Беларусь сёння сабе гэта дазволіць?
Яўген Лабанаў: Як гэта будзе – пакажа жыццё. Але эканоміка, якая не звяртае ўвагі на ахову асяроддзя і пытанні сацыяльнай роўнасці, аказваецца ў выніку нашмат даражэйшай за прапанаваную мадэль “зялёнай эканомікі”. Тыя расходы, якія мае грамадства – яны не ўлічваюцца ў бухгалтарскім балансе. Калі прадпрыемства бруднае і ашчаджае на выкідах у навакольнае асяроддзе, то грамадства плаціць больш за кошт расходаў на ахову здароўя. Здаецца, што непасрэдна з прадпрыемствам гэта не звязана, і коштаў гэтых мы не бачым. Таму, калі мы кажам аб прасоўванні “зялёнай эканомікі” ў Беларусі – гаворка не столькі пра кошты, колькі пра змяненне свядомасці, змяненне спосабу мысліць. Таму тут і праўда ўсё вельмі залежыць ад усіх. Міністэрства кажа, што “зялёная эканоміка” для нас важная, але гэта не стане рэчаіснасцю толькі праз нейкую палітычную волю: гэта залежыць ад усёй сістэмы дзяржавы і грамадства.
Еўрарадыё: Ці зроблена ўжо нешта ў Беларусі?
Яўген Лабанаў: Некаторыя рэчы ўжо робяцца. Пытанне з развіццём альтэрнатыўных крыніц энергіі – гэта вельмі важна. Наступны год аб’яўлены годам сельскага турызму. Гэта вельмі адпавядае сістэме “зялёнай эканомікі”. На той жа канферэнцыі казалі і пра адходы. Натуральна, што для краіны, дзе будзе развівацца “зялёная эканоміка”, павінен быць іншы падыход да адходаў. Мы, з аднаго, боку мусім разглядаць адходы як рэсурсы, а з другога боку, мінімалізаваць утварэнне адходаў. Тыя ўзроўні перапрацоўкі паўторнай сыравіны, якія ёсць цяпер – яны недастатковыя.
Еўрарадыё: Такі пераход магчымы?
Яўген Лабанаў: Так. Для нашай краіны гэта і будзе тым вектарам, паводле якога наша эканоміка будзе развівацца, і павінна развівацца, калі ўлічваць наш прыродны патэнцыял.