Эколага Валодзіна выпусцілі з пастарунку без выстаўлення абвінавачання

Сябра рады партыі “Зялёныя” Ўладзіміра Валодзіна выпусцілі на волю праз 9 дзён пасля затрымання, але яму так і не выставілі абвінавачанне. Яго затрымлівалі тры разы запар паводле розных падазрэнняў. Праваахоўнікі лічаць, што Валодзін мог удзельнічаць у нападзе на пастарунак Акрэсціна, калі будынак ізалятару закідалі пляшкамі з запальнай сумессю. Таксама яго падазраюць у пападзе на будынак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ў тым, што ён падпаліў дзверы філіялу “Беларусбанка”. Апошнія два інцыдэнты адбыліся ўвесну гэтага года.
 
У часе вызвалення з пастарунка, эколагу Ўладзіміру Валодзіну не вярнулі ні адабраны ноўтбук, ні тэлефон, ні іншыя носьбіты інфармацыі. Яго адвакат Тамара Сідарэнка паведаміла БелаПАН, што накіравала на міліцыянтаў скаргу ў пракуратуру. На яе думку, гэта былі парушэнні заканадаўства, калі тры раённыя ўпраўленні міліцыі Мінску цягам дзевяці дзён перадавалі Валодзіна адзін аднаму, як эстафетную палачку і кожны раз затрымлівалі яго на трое сутак паводле новага абвінавачання.