Эколагі арганізуюць міжнародную камісію па беларускай АЭС

Арганізацыя “Экадом” распачала грамадскую экалагічную экспертызу праекту будаўніцтва АЭС у Беларусі. Эколагі спадзяюцца, што здолеюць паўплываць на рашэнне пра пабудову атамнай станцыі ў Астраўцы. Дзеля гэтага яны склікалі міжнародную камісію, у якую ўвайшлі вядомыя беларускія, расійскія ды ўкраінскія навукоўцы і эксперты ў галінах экалогіі, атамных тэхналогіяў, нацыянальнага ды міжнароднага права. Узначаліў камісію сябра-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Іван Нікітчанка, які шмат гадоў прысвяціў даследаванню наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Як паведаміла Еўрарадыё адказны сакратар ГЭЭ Таццяна Новікава, у адрозненне ад аналагічнай дзяржаўнай працэдуры, грамадская экалагічная экспертыза вылучаецца найперш сваёй адкрытасцю і незаангажаванасцю ў будаўнічы праект.

Таццяна Новікава: “Такі аб’ект, як атамная станцыя, – гэта аб’ект найвышэйшай катэгорыі небяспекі. Паўстае пытанне тады: навошта і для чаго ён патрэбны? На гэтае пытанне павінны людзі адказваць. Таму што гэтым людзям давядзецца потым мець справу з адкідамі, з радыяцыяй – і іх дзецям ды нашчадкам. Аўтарытэтнасць камісіі вызначаецца, па-першае, узроўнем экспертаў, якія туды ўваходзяць, іх неангажаванасцю – ну, і іх адкрытасцю”.

Паводле беларускага заканадаўства, высновы грамадскай экспертнай камісіі маюць дарадчы характар і павінныя разглядацца падчас правядзення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Міністэрстве прыроды спадзяюцца ўжо 15 лютага даць сваё папярэдняе заключэнне па будаўніцтве АЭС. Канчатковы варыянт афіцыйнага заключэння абвесцяць да 31 сакавіка.