Экс-амбасадар Украіны высока ацаніў Лукашэнку як кіраўніка краіны

Былы пасол Украіны ў Беларусі Валянцін Налівайчанка лічыць, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца  надзвычайна "харызматычнай і беларускай" постаццю. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю штодзённай украінскай газеце "Украіна маладая". Дарэчы, Налівайчанка зараз з'яўляецца лідэрам партыі былога прэзідэнта Віктара Юшчанкі "Наша Украіна".
"Ён надзвычай харызматычная і беларуская фігура. І кіраўнік сваёй краіны надзвычай людскі. Магчыма, гэта нестандартная і нечаканая адзнака, але пасля шматгадзінных сустрэч, гутарак і працы я магу зрабіць такую выснову. Больш за тое, ён з тых людзей, якія вельмі станоўча ставяцца да Ўкраіны. Таму і мае кампліментарныя ацэнкі шмат у чым выкліканыя менавіта гэтым. Ён выдатна ставіўся да Віктара Юшчанкі на асабістым узроўні", - адзначыў Налівайчанка.

Разам з тым экс-амбасадар прызнаў, што падчас сваёй працы ў Мінску быў вымушаны займацца і іншымі справамі. Згадваючы 2006 год, Налічвайчанка заявіў, што супраць украінскіх журналістаў, якія прыязджалі на выбары, "вельмі жорстка працавалі і КДБ, і праваахоўныя органы". Палітык кажа, што яму як амбасадару даводзілася ўмешвацца, каб вярнуць суайчыннікаў ва Украіну.