Экс-гендырэктар МТЗ Лявонаў выходзіць з турмы

Прысуджаны да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, Міхаіл Лявонаў правёў за кратамі восем гадоў. Два гады з яго "спісалі" за кошт дзвюх амністыяў, адзначае "Хартыя'97" са спасылкай на "Народную волю". Пісаць прашэнне пра памілаванне на імя Аляксандра Лукашэнкі былы гендырэктар Мінскага трактарнага заводу катэгарычна адмовіўся.

Нагадаем, што Лявонаў быў затрыманы 7 студзеня 2002 года ў цягніку Мінск—Масква, а 10 студзеня 2002 года яго арыштавалі і змясцілі ў СІЗА па падазрэнні ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў і атрыманні хабару.

23 снежня 2003 года Вярхоўны суд прызнаў Лявонава вінаватым у крадзяжы маёмасці МТЗ у асабліва буйным памеры, ухіленні ад выплаты падаходнага падатку на прыбытак, атрыманы ў выніку крадзяжу, адмыванні скрадзенага прыбытку і атрыманні хабару.

Яго прысудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на 10 гадоў з адбываннем пакарання ў асады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і без права займаць кіраўнічыя пасады на працягу 5 гадоў.

Юрысты кажуць, што і на волю Лявонаў павінен выйсці 7 студзеня. Аднак у які менавіта час гэта здарыцца, дакладна не вядома.