Экс-начальніка ДФР КДК вінавацяць у стварэнні злачыннай арганізацыі

Следства завяршыла папярэдняе расследаванне і выставіла абвінавачанне былому начальніку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Анатолю Грамовічу.  Як паведамілі праваахоўнікі "Інтэрфаксу", Грамовіч пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Яго вінавацяць паводле ч.3 арт. 258 "Стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй" Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Па справе праходзіць больш за 30 абвінавачваных, сярод якіх былыя супрацоўнікі мытных і праваахоўных органаў. Ім таксама ўжо выставілі абвінавачанне. Паводле заканадаўства, абвінавачаны можа знаёміцца з матэрыяламі справы 1 месяц.

Крымінальная справа датычыць эпізодаў незаконнага перамяшчэння праз памежны пункт пропуску "Заходні Буг" буйных партый вопраткі і бытавой тэхнікі. Паводле папярэдніх ацэнак, шкода, нанесеная дзяржаве ад нявыплаты падаткаў, складае не менш за 20 млрд рублёў.

Матэрыялы крымінальнай справы датычаць падзеяў 2001 года, калі Грамовіч займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Брэсцкай вобласці. Ён быў арыштаваны ў Мінску сёлета 15 студзеня.