Экс-пракурора Міншчыны Міхаіла Снегіра асудзілі на сем гадоў турмы

7 траўня у Вярхоўным судзе абвясцілі прысуд былому пракурору Мінскай вобласці Міхаілу Снегіру і былому гендырэктару ААТ "Забудова" Міхаілу Кудзелку. Суд прызнаў Снегіра вінаватым у атрыманні хабару, злоўжыванні ўладай і перавышэнні яе, а таксама ў захоўванні боепрыпасаў. Яму прысудзілі 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. Таксама ён пазбаўлены права займаць пасады на дзяржаўнай службе на працягу 5 гадоў.

Як паведамляе БелаПАН, Кудзелку прызналі вінаватым у дачы хабару ў буйным памеры і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Ён асуджаны на 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 4 гады.

На просьбу журналістаў сказаць некалькі слоў пасля вынясення прысуду Снягір заявіў, што яго за краты схавала мафія.