Экс-супрацоўнікаў ФСБ асудзілі за скрадзеную Біблію Гутэнберга
Іх справу разглядаў у чацвер за зачыненымі дзвярыма Маскоўскі акруговы суд.
Палкоўнік Сяргей Вядзішчаў атрымаў 3,5 гады калоніі агульнага рэжыму, маёр Міхаіл Ляпкоў — 1 год і 2 месяцы калоніі-пасялення, капітан Віктар Пучок — год зняволення. Апошняга вызвалілі, паколькі ён ужо правёў год за кратамі.
Як інфармуе РІА "Новости", два тамы Бібліі XV стагоддзя афіцэры скралі з сейфа найстарэйшага расійскага ўніверсітэта ў 2009 годзе. Пазней яны спрабавалі яе прадаць за мільён еўра вядомаму калекцыянеру.
Лічыцца, што з Бібліі Гутэнберга пачынаецца гісторыя кнігадрукавання ў Еўропе. Адна з копій гэтай кнігі была вывезена з бібліятэкі Лейпцыгскага ўніверсітэта ў 1945 годзе і знаходзіцца на захоўванні ў навуковай бібліятэцы Маскоўскага дзяржуніверсітэта. Як менавіта былым супрацоўнікам ФСБ удалося скрасці такую каштоўную кнігу, не ўдакладняецца.
Фота — wikers.ru