Экспедыцыяй "Дарога да святыняў" адкрыецца Дзень беларускага пісьменства

Па традыцыі адкрые Дзень беларускага пісьменства Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў", якая сёння адправіцца з Мінска і наведае месцы Мінскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей, паведамляе "Ежедневник" Канцавой кропкай маршрута стане горад Хойнікі. У сталіцы сёлетняга Дня пісьменства Хойніках будзе прадстаўлена вялікая культурная праграма. На сцэне Летняга амфітэатру будуць узнагароджаны пераможцы нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі - 2010" і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі і дзіцячай літаратуры. Найлепшыя кнігі, кнігавыдавецтвы і аўтары атрымаюць свае "Залатыя фаліянты" і "Залатыя Купідоны". А самай яркай падзеяй стане выкананне лепшымі беларускімі артыстамі оперы "Курган" па аднайменнай паэме Янкі Купалы, якой сёлета спаўняецца 100 год.

У мерапрыемствах акрамя беларускіх пісьменнікаў прымуць удзел таксама пісьменнікі з Украіны, Літвы, Польшчы, Расіі, Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіны. Запрошаны прадстаўнікі дыпмісій, акрэдытаваных у Беларусі.