Эксперт: На месца Сідорскага можа прыйсці Ткачоў, але будзе яшчэ горш

Адміністрацыя прэзідэнта імкнецца дыстанцыявацца ад дзеянняў урада. Пра гэта, на думку эканаміста Яраслава Раманчука, сведчаць нядаўнія выказванні памочніка прэзідэнта Сяргея Ткачова.
Нагадаем, што Ткачоў раскрытыкаваў скандальна вядомую "антыпасрэдніцкую" пастанову №991. А таксама выступіў з артыкулам у "Советской Белоруссии", дзе прааналізаваў стан эканомікі на прыкладзе дзейнасці МТЗ, Мінскага маторнага завода, "Амкадора" і "Атланта" за першае паўгоддзе.

Раманчук: “Яна (Адміністрацыя. — Еўрарадыё) стараецца крытыкаваць урад. Але мы ўсе ведаем, што ў Адміністрацыі прэзідэнта прымаюцца ўсе стратэгічныя рашэнні. І бяда Сідорскага і яго калег з Савета міністраў у тым, што яны не могуць запярэчыць Адміністрацыі прэзідэнта. Хаця менавіта Адміністрацыя ставіць іх у тыя рамкі, у якіх вырашаць антыкрызісныя пытанні немагчыма”.

Па словах эканаміста, спадар Ткачоў можа заняць месца ва ўрадзе. Аднак калі ўлічыць яго эканамічныя погляды, то дзейнасць прэзідэнцкага памочніка, кажа Раманчук, прынясе яшчэ большыя выдаткі, чым дзеянні ўрада Сідорскага.