Эльжбета Радзівіл зрабіла адкрыццё ў мінскім мастацкім музеі! (фота)

92-гадовая княгіня пазнала жанчыну на партрэце славутага мастака Баляслава Яна Чадзякоўскага. Раней карціна называлася “Партрэт невядомай”.

92-гадовая княгіня Эльжбета Радзівіл, дачка апошняга ўладара Нясвіжскага замка, таемна правяла ў Беларусі 4 дні. Таемна – значыць, без афіцыйных сустрэч і прэсы. Аднак прыватныя візіты былі, адзін з якіх – у Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Тут княгіня агледзела некаторыя рэчы, якія раней знаходзіліся ў замку. Найперш – шыкоўныя мармуровыя бюсты сваёй бабулі Марыі Ружы Радзівіл (Браніцкай) і свайго прадзядулі Антонія Радзівіла. Таксама ў музеі захоўваецца партрэт Вольгі Радзівіл – цёткі пані Эльжбеты.


Але найвялікшым сюрпрызам стаў партрэт… самой Эльжбеты, выкананы 80 гадоў таму. Праўда, імя мастака не змагла ўзгадаць цяпер нават гераіня твора. Святлана Пракоп’ева, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прызналася, што да іх у музейя нячаста прыязджаюць героі твораў, якія захоўваюцца тут.


Святлана Пракоп’ева: “Не зусім часта, асабліва калі гэта тычыцца еўрапейскага альбо рускага жывапісу. Падобны візіт – гэта падзея. Было вельмі цікава паглядзець і на рэакцыю, як чалавек разглядае творы, якія ведае, паслухаць успаміны”.


Святлана Пракоп’ева кажа, што з мастацкага пункту гледжання партрэт не мае вялікіх вартасцяў, але мае – з гістарычнага.


Святлана Пракоп’ева: “Наўрад ці мы калі-небудзь знойдзем гэтага аўтара. Дадзены партрэт не належыць да кагорты геніяльных твораў мастацтва. Верагодна, гэта аматарская праца, бо тут няма ані перспектывы, ані анатоміі... Гэта забава. І партрэт нам каштоўны найперш з гістарычнага гледзішча, бо выяўляе прадстаўніка такога важнага для гісторыі і культуры Беларусі рода”.


Пані Эльжбета Радзівіл, пабачыўшы партрэт, запатрабавала, каб яго аддалі ёй альбо хаця б у Нясвіжскі замак. Ёй аддаць адмовіліся – маўляў, належыць дзяржаве, не маем права. У замак таксама партрэт перадаваць не збіраюцца.


Святлана Пракоп’ева: “Гэта праца выкананая пастэллю, якая не прадугледжвае доўгае экспанаванне, бо можа сапсавацца. Кажучы пра канкрэтна гэты экспанат, ён не будзе перададзены ў замак. І калі нават будзе экспанавацца ў нас, то кароткі час і ў асаблівых умовах”.


Разабраўшыся з гэтым партрэтам, княгіня коратка агледзела іншыя творы ў запасніку музея. І нечакана спытала, хто намаляваў адзін з партрэтаў. Ёй адказалі, што гэта “Партрэт невядомай” Баляслава Яна Чадзякоўскага. Тады пані Эльжбета агаломшыла ўсіх навіной, што яна добра ведала гэтага мастака, бо падчас вайны жыла з ім па-суседству ў Вене. А на партрэце, прызналася Эльжбета Радзівіл, мастак выявіў сваю жонку, якую яна таксама добра ведала! Пра Баляслава Яна Чадзякоўскага кажа Святлана Пракоп’ева.


Святлана Пракоп’ева: “Партэтыст, працаваў пераважна ў жанры параднага, то бок заказнога партрэта. Ён дастаткова вядомы – пераважна на Захадзе і ў Амерыцы, дзе жыў даволі працяглы час. Ён паходзіць з Польшчы, неаднойчы вяртаўся на радзіму і працаваў там. Вялікая колькасць яго твораў таксама захоўваецца і ў Аўстрыі, дзё ён жыў прыкладна з 1938 па 1948 год. І ў зборах Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі маецца адна ягоная карціна “Партрэт невядомай”, які датуецца 1928 годам”.


Гісторыя таго, як партрэт трапіў у Нацыянальны мастацкі музей Беларусі вельмі складаная.


Святлана Пракоп’ева: “Гэты партрэт быў перададзены нам у 1960 годзе з Музея гісторыі Вялікай айчыннай вайны. Менавіта ў гэты перыяд фонды музея сталі своеасаблівым сховішчам для ўсіх твораў мастацтва, якія траплялі на тэрыторыю рэспублікі ў пасляваенны час. Паходжанне гэтага партрэта з канкрэтнага пункту на тэрыторыі Беларусі ў даваенны перыяд цяжка пацвердзіць ці абвергнуць, паколькі ніякіх спецыяльных пазнак, апроч знакамітага “чырвонага нумару”, які ставілі немцы пры падрыхтоўцы твораў мастацтва да вывазу ў Германію, няма. Адназначна толькі, што гэта тэрыторыя Беларусі з 1941 года”.


Што праўда, для беларускіх даследчыкаў меркаванне Эльжбеты Радзівіл не з'яўляецца адназначным пацверджаннем ісціны. Нават нягледзячы на тое, што пані Эльжбета ведала асабіста і мастака, і гераіню партрэта.


Святлана Пракоп'ева: “Для кожнага даследчыка хоць нейкая нітачка, якая дае магчымасць выявіць, хто паказаны на партрэце, заўсёды вялікая радасць. Ніколі такія працоўныя версіі намі не адкідваюцца, мы працуем. І дадзеная версія намі таксама будзе разгледжаная. Вядомы іншы партрэт Чадзякоўскага, які так і называецца “Партрэт жонкі з дачкой” – і там выяўленая іншая жанчына. Цяпер чакаем адказ ад нашых польскіх калег, якія дапамогуць нам параўнаць два вобразы”.


Блытаніна складаецца яшчэ і ў тым, што ў Чадзякоўскага былі дзве жонкі. І ўсім даследчыкам пад назваю “Партрэт жонкі” выдомая іншая жанчына.


Святлана Пракоп’ева: “Вядома, што ў Вене ён пазнаёміўся і ў 1954 годзе ажаніўся з іншай жанчынай. Яна сыграла вялікую ролю ў творчасці мастака, стала яго любімай мадэллю”.


Дык ці падпішуць цяпер партрэт у музеі са словаў Эльжбеты Радзівіл?


Святлана Пракоп’ева: “Гэта на сумленні кожнага даследчыка. Вельмі часта некаторыя даследчыкі намагаюцца максімальна давесці працу да канца. А бывае так, што мастацтвазнаўцы намагаюцца наадварот хутчэй надрукаваць твор у якім каталогу, каб найхутчэй увесці твор у навуковы ўжытак”.

 Партрэт Эльжбеты Радзівіл невядомага мастака, 1920-я гады

Святлана Пракоп'ева паказвае партрэт яго гераіні

І тут пані Эльжбета кажа: "Гэта належыць мне, аддайце гэта мне!"

Бюст Антонія Радзівіла, які захоўваецца ў музеі

Бюст Марыі Ружы Радзівіл, у якога ў часе вайны немцы адбілі нос, не здолеўшы вевезці яго з музея

Партрэт Вольгі Радзівіл, цёткі пані Эльжбеты

Той самы "Партрэт невядомай" Баляслава Яна Чадзякоўскага, на якім Эльжбета Радзівіл пазнала першую жонку мастака