Эпідэмія грыпу аб'яўлена ў 10 гарадах і 37 раёнах Беларусі

Эпідэмія вірусных інфекцый і грыпу аб'яўлена ў 10 кантрольных гарадах Беларусі — Гродне, Лідзе, Брэсце, Пінску, Бабруйску, Мінску, Гомелі, Барысаве, Салігорску, Наваполацку, а таксама ў 37 раёнах краіны. Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, эпідэміяй ахоплена 15 раёнаў Гомельскай вобласці, 10 раёнаў Гродзенскай вобласці, сем раёнаў Мінскай вобласці, па два раёны Віцебскай і Брэсцкай абласцей і адзін раён Магілёўскай вобласці.

У сувязі з высокім захворваннем дзяцей і адсутнасцю ў арганізацыях адукацыі больш як 30% навучэнцаў з пачатку эпідэмічнага ўздыму ў Беларусі прыпыніўся вучэбны працэс у 186 школах. На сёння адноўлены вучэбныя заняткі ў 99 школах, прыпынены - у 87 школах 36 раёнаў краіны.

Эпідэмія вірусных інфекцый і грыпу 23 студзеня пачалася на захадзе краіны — у Гродне і Лідзе. 29 студзеня эпідэмія была аб'яўлена ў Мінску. Сёння ў сталіцы закрыты на каранцін тры школы - дзве ў Першамайскім і адна ў Партызанскім раёнах.

БелаПАН