Еўракамісія дае 70 млн еўра на добрасуседства — Беларусь не атрымае нічога

Еўракамісія вылучыла 70 млн еўра на Інвестыцыйны інструмент суседства (NIF). Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу выканаўчай улады Еўрасаюза. Бюджэт гэтай праграмы, даступны краінам Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, на 2007—2013 гады складае 700 млн еўра. У 2007 годзе было вылучана 50 млн, у 2008 годзе — 50 млн, у бягучым — 70 млн еўра.

З дапамогай Інвестыцыйнага інструмента суседства Еўракамісія падтрымлівае выдачу грантаў для ажыццяўлення крэдытных аперацый інстытутамі Еўрапейскага фінансавання развіцця. Інструмент суседства падтрымлівае праекты ў галінах энергетыкі, транспарту і абароны навакольнага асяроддзя, а таксама ў сферы развіцця малога і сярэдняга бізнэсу і сацыяльным сектары.

Дарэчы, у Беларусі не падпісаны план дзеянняў з ЕС, краіна ўваходзіць у Еўрапейскую палітыку добрасуседства толькі фармальна. Таму беларускія праекты праз Інвестыцыйны інструмент суседства не фінансуюцца.