Еўракамісія дапаможа Беларусі прабіцца на харчовы рынак Еўрасаюза

Еўракамісія дапаможа Беларусі прабіцца на харчовы рынак Еўрасаюза. Аб гэтым было заяўлена на сустрэчы ў Мінску міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіла Русага і камісара Еўрапейскай камісіі па ахове здароўя і абароне правоў спажыўцоў Джона Далі.
  Як паведаміла БЕЛТА, бакі дамовіліся аб стварэнні ўмоў для экспарту беларускай прадукцыі на рынак Еўрасаюза. Генеральны дырэктарат Еўрапейскай камісіі па ахове здароўя і надалей будзе аказваць усялякае садзеянне і дапамогу Беларусі ў гарманізацыі і збліжэнні яе заканадаўства ў вобласці ветэрынарыі з заканадаўствам Еўрапейскага саюза, заявіў еўракамісар. Збліжэнне беларускага і еўрапейскага заканадаўстваў у сферы забеспячэння якасці прадуктаў жывёльнага паходжання - галоўная ўмова адкрыцця доступу беларускага харчавання на рынак Еўрасаюза.

На сустрэчы бакі ўзгаднілі сумесныя дзеянні па ўніфікацыі патрабаванняў ветэрынарнага заканадаўства.